Калі заўважыў быў руіны места ў першы раз, то падумаў, што гэта ягоны Краснаярск і ён вяртаецца дамоў. Нават у пекле прыемна пабачыць родны кут, знайсьці хоць бы нейкі сэнс у пачварнай фантасмагорыі.

Але неўзабаве памылка сталася відавочнай. Гэта быў не Краснаярск, гэта…

Усьцюжанін завярнуўся й пайшоў назад.

Зноўку паўтараліся жахі. Зноўку зьмяняліся ў карагодзе сьпёка, халадэча й сьмерць. Да лявы, попелу й сьнегу дадаліся агромністыя камары, якія аблеплівалі яго воблакам і высмоктвалі кроў ці не дасуха.

Ён ішоў прэч ад руінаў, ня збочваючы, але і другі раз выйшаў да іх з таго самага боку. Заставалася толькі гістэрычна расплакацца й пабегчы наўздагад…

Калі наперадзе ўзьнік паказальнік на Гомель, ён даўмеўся, што ўжо тройчы бачыць места з усходу. Ня тое, каб у пекле былі ўсход ці захад, але ён нібыта глядзеў на руіны Гомлю з Бранскае шашы, па якой і ўехаў сюды некалі ў складзе Першага міратворчага. Калі ж гэта было? Здаецца, стагодзьдзі таму.

«Відаць, хтосьці вельмі хоча, каб я туды патрапіў. І выбару мне не пакінулі».

Кім мог быць гэты «хтосьці», заставалася няясным. Дагэтуль ён не сустрэў у апраметнай жаднае разумнае істоты, але – ірацыянальна, падсьвядома – баяўся натрапіць на дэманаў.

І вось Усьцюжанін стаяў на набярэжнай лявавага Сажу і адганяў турботныя думкі.


Банцэвічанка назірала за супраціўнікам. Ён не марудзіў ані хвілі.

На катоў Варгіна, што дзерлі ваяроў, зьверху абрынуліся птушкі сірын. Кіпцюры ў іх былі ня меншыя за кашэчыя, і карыстацца імі яны ўмелі ня горш. Ракаў і зьмеяў ірвалі на шматкі кашлатыя мядзьведзі, якіх ворагі павыпускалі з клетак. З пацукамі ўмомант расправіліся псагалоўцы. Пры патрэбе яны маглі хутка бегаць на ўсіх чатырох. Насустрач цмокам вылецелі зьмеі-гарынычы. На адну агнядышную цмачыную глотку прыходзілася па тры гарынычавых. Ведзьмароў на сьценах разілі бабы-ягі, што ляталі над гарадзішчам у ступах і стралялі маланкамі.

Яшчэ да вечару супраціўнікі разышліся – абаронцы схаваліся за гомейскімі сьценамі, а нападнікі адступілі за сьцяну лесу.

Банцэвічанка чытала думкі камандзіра гарнізону. Ён не губляў надзеі й спадзяваўся адстоіць места. Досьвіткам плянаваў кінуць на ворага атрады кадукоў, лесуноў вярхом на ваўкох і пушчавікоў. Але для яе было відавочна: наступны дзень станецца для гамяйчанаў апошнім.

Калі на Гом’е ўпала бязьмесячная ноч, Банцэвічанка накінула на плечы доўгі чорны плашч. Прайшла крывымі вулкамі да маленькіх дзьверак у сьцяне гарадзішча. Адамкнула іх. Незаўважаная пракралася паўз вартавых. І растала ў цемры.

Тае начы яна аддала ворагу ключы ад места і аддалася самая. Іншае ейнае «я» ў Гомлі перадало міратворцам сьпісы нядобранадзейных грамадзянаў. Яна доўга пераконвала сябе, што зрабіла слушную і адзіна мажлівую рэч: пазьбегла непатрэбнае бойні, уратавала жыцьці месьцічаў, вырашыла справу мірам… І самая сабе верыла.

Наступнага ранку яе абудзіў дзіцячы лямант. Банцэвічанка выйшла на балькон вежы й зьнерухомела. Заплюшчыла вочы, каб ня бачыць, што дзеецца на пляцы ўнізе, але сцэна ўжо адбілася на нутраным боку павекаў. Да таго ж яна ўвесь час чула крыкі. Калі расплюшчыла вочы, карціна зноўку ссунулася – цяпер яна глядзела на асфальтаваную плошчу Гомлю. Плошчу, залітую крывёю. Там адбываліся ня меншыя жахі.

Хацелася залезьці на парапэт і зрабіць крок наперад, але невядомая сіла трымала яе, не дазваляла вольнасьці; прымушала глядзець і слухаць. Глядзець і слухаць. Глядзець і слухаць. Здавалася, гэта ня скончыцца ніколі.

Яно й ня скончвалася.


Усьцюжанін быў у Гомлі раз у жыцьці й цяпер не прыдумаў нічога лепшага, як працягнуць шлях у тым кірунку, якім некалі йшоў у часе зачысткі, наўсьлед за танкамі й бэтээрамі.