Тлусьцяк маўчаў, глядзеў у сьцяну й не выяўляў з таго ні найменшае няёмкасьці.
Тронза аказаўся:
– Доктару Лезгэ, мяркую? Вышняга вам ветру.
Той урэшце перавёў на яго няўважлівы пагляд, пасьля чаго цяжка, з задышкаю, узьняўся.
– Так-так, і вам таго ж, шаноўны незнаёмцу. Да паслугаў спадара.
Тронза разгарнуў паперу, дзе загадзя накідаў жаданы твар. Ён кагадзе зацікавіўся фізыягномікай – таемнаю ведаю Даўных дзён, якую тады каторыя лічылі за псэўданавуку. Можа, так і было, можа – не. Тронза не губляў нічога, акром часу, таму на аснове зводак Галяктычнага Рэгістру ўклаў сьпіс рысаў, што сустракаліся ў злачынцаў часьцей за іншыя. Тым рысам ён падабраў супраціўнасьці. Да іх дадаў характарыстыкі, якія, паводле фізыягномікі, сьведчылі пра абычайлівасьць носьбіта. У выніку атрымаўся непрыкметны твар: за такі ў натоўпе вока не зачэпіцца. Гэта яму й патрабавалася.
Доктар моўчкі глядзеў на накід. Тронза керхануў і для прыліку задаў колькі пытаньняў пра апэрацыю. Лезгэ ўдакладняў дэталі неахвотна; выслухваў пажаданьні Тронзы, засунуўшы ў рот адзінец, і няпэўна мыкаў; ківаў ня ў лад, быццам уласным думкам. Пажвавеў, толькі калі гаворка зайшла пра аплату.
– Пяцьсот вызнакаў. Зробім у найлепшым выглядзе.
– Чатырыста альбо разьвітаемся зараз жа. За пяцьсот на Старой Зямлі мною займаліся б некалькі дактароў у сучаснай чыстай лякарні.
– Чатырыста пяцьдзясят. На Зямлі, няма сумневу, спадар прыцягнуў бы непатрэбную ўвагу.
– У кожным разе я маю пры сабе толькі чатырыста дваццаць.
– Што ж, праходзьце, кладзецеся. Пару гадзінаў, і вы сябе не пазнаеце.
Тронза распрануўся, выпрастаў стрэлкі на нагавіцах, спраўна склаў вопратку на канапе ля сьценкі. Без ваганьняў лёг на апэрацыйны стол у цэнтры.
Доктар Лезгэ падкаціў да яго праржавелы рыплівы апарат. «Саматужная прылада для зьнячуленьня, – паведаміла памяць. – Чарговы рэлікт Даўных дзён».
Доктар прыціснуў маску з трубкаю да ягонага твару. Падаў газ. Тронза пару разоў глыбока ўздыхнуў, і ягоная сьвядомасьць расьцьвецілася калейдаскопам відзежаў.
Тлусьцяк у залітым крывёю халаце пяшчотна схіляецца над ім, адкусвае нагу й ручышчамі-ўпорамі запіхвае сабе за шчаку. Смачна храбусьціць. Нахіляецца над другою. Тронза скочваецца на падлогу й колькі змогі скача прэч на адной назе. Вакол праносяцца модулі станцыі Альдрэма. Ён імчыць паўз гатэль Друі Нуё, дзе спыняўся днямі, калі праварочваў афэру з Старычынам Рэнзо. Залятае за рог і наскоквае на адліваную браму. На ёй – выгнуты сьвятлісты надпіс:
ВАНДРОЎНЫ ЦЫРК-ЗЬВЯРЫНЕЦ КАСЬМІЧНЫХ ВЫРАДКАЎ
СП. ЛЕЗГЭ
Шалапуты, блазны, нелюдзі, бажаволкі й размаітыя пачвары
Самасьцьвярджайцеся за кошт калекаў, якія моўчкі праглынуць любыя кпіны
Пасьпейце на векапомны выступ, пакуль цырк не паляцеў далей
Пад ім – прыпіска на аркушы кардону:
32—36 бакагрэя, пятая гадзіна. Наступныя імпрэзы: Гліцыяс, Вальрая, Папілюс
Тронза навальваецца на браму. Яна з скрыгатам расчыняецца.
Ён апрытомнеў і разьляпіў вочы. Пахла нечым рэзкім і непрыемным. Адчувалася лёгкая замарака, млявасьць. Ад доўгага ляжаньня зашэрхнулі ногі. Калі лахманы туману ўваччу паразьвейваліся, Тронза зразумеў, што відзежы па зьнячуленьні ня зьніклі. З круглага вакна ўгары на яго глядзеў жудасны курдупель: аблавухі, з масыўнымі брывянымі дугамі, вытырклымі скуліцамі й параю гнілякоў у роце. Твар яго крывіўся грымасаю бясьсільнае нянавісьці. Ногі ад сярэдзіны сьцёгнаў ператвараліся ў караценькія кавёлы. Так мог выглядаць дзікі насельнік Даўнажыўнае эры.
Курдупель зьнік як і не было. Тронза сьцяміў: гэта не вакно – гэта доктар Лезгэ адсунуў ад сталу вялізнае круглае люстра. Ён назіраў за ўласным адбіткам.