Акром таго, ён вырашыў у чарговы раз зьмяніць аблічча. Старычына Рэнзо параіў яму адрас у Вялікім Шкосьце: Эсплянада Ві Брульлём, 17. Сказаў, што здаўна знае доктара й давярае яму як сыну. Маўляў, ягонымі паслугамі карысталіся такія легенды, як Пранчуздра Дэнэльбромт, Ё-ё Крыкс, Тэльтрон Пратон і Мезьвілёмій Арэскі. Галяктычнаму Рэгістру ні разу не ўдалося злапаць нікога зь іх. Яны бяз шуму сышлі на дно й цяпер, відаць, насалоджваюцца заслужаным адпачынкам дзе-небудзь у Заграніччы альбо на ўласных астэроідах. На гэта Тронзу не было чаго запярэчыць.

У сьпіну яму торкнуўся халодны нос цяжкавога вульпра, які цягнуў панарад з грыбнымі спорамі. Тронза схамянуўся і адышоў з дарогі, дзе стаяў увесь час, утаропіўшыся ў вялізныя белыя літары на дзьвярох:

КАНСЬПІРАЦЫЙНАЯ ХІРУРГІЯ Й СУПРОЦЬСЬЛЕДЧАЯ СПАМОГА

Д-Р ЛЕЗГЭ, МЛДШ.

Ён задуменна падкруціў наваскаваны вус і наблізіўся да ўваходу. Адсюль можна было разабраць драбнейшы надпіс ніжэй:

Адзінаццаць гадоў бясплямнае практыкі

Найлепшая маскіроўка, творчы падыход

Ніякіх пытаньняў, ніякіх імёнаў, ніякіх ганьбаваньняў

Пакіньце катэгарычны імпэратыў на ганку й сьмела ўваходзьце

Яшчэ ніжэй на цьвіку ліпела паперчына:

Нагадваем баязьліўцам: паводле арт. 343/8 Галяктычнага Рэгістру, правамоцнасьць Рэгістру не распаўсюджваецца на Крэсовыя Плянэты, якія зьяўляюцца зонаю неабмежаваных вольнасьцяў, грамадзянскае бяспраўнасьці, натуральнага стану й кіраванага хаосу. Таксама нагадваем, што пакоі за адрасам Эсплянада Ві Брульлём, 17 месьцяцца ў Вялікім Шкосьце, які ў сваю чаргу знаходзіцца на Гліцыясе, а Гліцыяс, як вядома нават баязьліўцам – плянэта Крэсовая.

Ля самае зямлі ляпіліся квантавыя меткі Ё-ё Крыкса, Пранчуздры Дэнэльбромт і шчэ колькіх знакамітых авантурнікаў. Тронза прысеў і памацаў блішчастыя круглякі – непадробленыя. Гэта яго супакоіла. А вось пасаж пра «творчы падыход» даспадобы не прыпаў. Гэтак жа сама, як прозьвішча Лезгэ.

Бальтрут Тронза ня быў бы Бальтрутам Тронзам, калі б не навучыўся па-філязофску спакойна прымаць тое, з чым нічога парабіць ня мог. Нічога, акром хіба што аднае засьцярогі. Пакончыўшы зь ёй, ёй паціснуў плячыма, разгледзеўся на бакі і ўвайшоў.

Калідор імітаваў ход, прагрызены стужачным чарвём. На шурпатых сьценах чорнымі алейнымі кроплямі праступала вільгаць. Ход пятляў і падымаўся ўгору, аж пакуль не выводзіў у полы капялюш. Памяшканьне станавіла сабою прасторную напаўсфэрычную апэрацыйную, пазастаўляную незразумелымі прыладамі старасьвецкага выгляду, мэталічныя часткі якіх пакрыліся пацінай – атмасфэра Гліцыясу не давала ім літасьці. Тут панаваў грыбны водар упярэмешку з мэдычнымі пахамі. Ніводзін прадмет ня быў маладзейшым за Тронзу. Зрэшты, пабачыць іншую карціну ў Крэсах ён і не спадзяваўся.

Большую частку пакою, здавалася, займаў тлусьцяк у белым халаце. Ён сядзеў на ўслоне й глядзеў у нікуды тупымі касаватымі вочкамі, зьведзенымі да пераносься. Мажныя шчокі й падвойнае падбародзьдзе, за якім не было відаць шыі, наводзілі на думку пра вавёрак Сўэльта. Тыя назапашвалі еміну ў ротавае поласьці на зіму й часам так стараліся, што гінулі з асьфіксіі. На грушаватую галаву тлусьцяк начапіў бліскучую антыкварную прыладу. «Лобны рэфлектар, – паслужліва падказала памяць. – Артэфакт Даўных дзён. У дадзеным выпадку не слугуе ніякай практычнай мэце». Гледзячы на дзябёлыя пальцы, Тронзу цяжка было даць веры, што перад ім слынны хірург. Ад пальцаў увага перакінулася на рукі. Можна было падумаць, іх вага настолькі вялікая, што менавіта празь яе доктар склаў ручышчы-ўпоры на каленях перад трыбухом.

Судзіць людзей паводле першага ўражаньня, да таго ж вонкавага, – справа рызыкоўная, таму Тронза ўстрымаўся ад высноваў. Адно зазначыў, як часта лекары бываюць падобныя да спалечнікаў лякарняў.