Вось так, прытрымліваючыся сярэдзіннага шляху, не ўпадаючы ў крайнасці, зямля-вада-жанчына-маці і неба-вецер-мужчына-бацька, пераплятаючыся, садзейнічаюць паступоваму пераходу ад дуальнага ўспрыняцця свету да перажывання пачуцця абсалютнага адзінства, набліжаючыся тым самым да Адзінага, да Творцы, Ісціны, Абсалюта.

Крытыкам аб крытыцы

«Не судзі, ды не судзімы будзеш» – словы з Бібліі, скіраваныя тым, хто не ўяўляе свайго жыцця без крытыкі.

«Крытыка карысна, яна служыць навучанню, без маіх суджэнняў наконт іншых людзей немагчыма іх удасканаленне» – скажуць крытыкі, рацыяналізуючы тым самым сваё імкненне судзіць усё і ўсіх.

Ці так гэта? Адкажам на пастаўленае пытанне пазней. Спачатку неабходна вызначыць, адкуль бярэ свае вытокі жаданне большасці людзей асуджаць.

Калі я толькі яшчэ пачынала рабіць свае першыя прафесійныя крокі ў якасці настаўніцы, бывала, паклічуць мяне на адкрыты ўрок, а я сяджу і пільна сачу за настаўнікам, каб не дай Бог не прапусціць якія-небудзь дапушчаныя ім агрэхі. Цяпер надышоў час задумацца, навошта я так рабіла? Каб падштурхнуць таго настаўніка да прафесійнага росту? Шчыра кажучы, не. Калі я каго-небудзь раней крытыкавала, то толькі з адной мэтай – падняць сваю ўласную самаацэнку: паколькі ён (яна) робіць гэта горш за мяне, то я лепшая ў сваёй справе.

Я не выпадкова выкарыстала ў сваёй споведзі слова раней. Зараз я так не раблю, а калі хаджу да каго-небудзь на ўрокі, то толькі з адной мэтай – навучыцца чамусьці новаму, адзначыць для сябе найбольш цікавыя моманты і эфектыўныя метады і прыёмы работы, якія потым выкарыстаю ў сваёй навучальнай практыцы, і, безумоўна, дзеля таго, каб сказаць настаўніку, не пашкадаваўшаму часу і нерваў на падрыхтоўку да адкрытага ўрока, вялікі дзякуй. Думак аб крытыцы больш нават не ўзнікае. Чаму? Таму што самаацэнка падрасла да ўзроўню адэкватнай, і разам з тым знікла патрэба камусьці штосьці даказваць. Існуюць толькі два крытэрыі паспяховасці прайшоўшага ўрока – пачуццё ўнутранай задаволенасці і ззяючыя радасцю вочы дзяцей. Іншых паказальнікаў няма.

«Не судзі, ды не судзімы будзеш». Чаму не варта крытыкаваць тым, каму рабіць гэта так хочацца? Таму што, па-першае, «як гукнеш, так і адгукнецца», а па-другое, «не плюй у калодзеж, спатрэбіцца вады напіцца». Звесці дзеянне прыказак да мінімуму можна толькі ў тым выпадку, калі крытыка прадыктавана не жаданнем вынайсці недахопы, а яго адсутнасцю. Інакш кажучы, крытыка толькі тады можа быць прадуктыўнай, калі яна не суправаджаецца пачуццём патаемнай асалоды ад прыніжэння табой іншага чалавека (і адпаведна ўзвышэння сябе). Такім чынам, крытыкуючы без удзелу эмоцый, дакладней, з добрых пабуджэнняў (не тых, якімі выбрукавана дарога ў пекла), мы пажнем пасеянае лягчэй, але пажнем абавязкова: асуджаючы суседа зверху, вы самі рызыкуеце стаць аб'ектам плётак суседкі знізу.

Вернемся да пытання: наколькі карысна крытыка?

Неаднаразова чула ад маладых настаўніц:

– Сёння на ўрок прыходзіла намеснік дырэктара. Гэта ўжо не першы раз. Яна бывала ў мяне, так што я добра ведала, што яна хоча ўбачыць. Я паказала ёй тое, што ад мяне чакалася, і ўрок прайшоў паспяхова.

– Табе пашанцавала. А вось да мяне дырэктар прыходзіла. У яе вышэйшыя запатрабаванні, трэба больш паказваць і іншае.

Далей, мяркую, можна не працягваць дыялог. Які з яго напрошваецца вынік? Чаму навучыліся, чакаючы крытыкі і намагаючыся паменшыць яе колькасць, дзяўчаты? Падладжвацца пад меркаванне крытыка, прытрымлівацца моды, падпарадкоўвацца поглядам натоўпу. Як вы думаеце, такога роду «гнуткасць» будзе спрыяць творчай самарэалізацыі асобы? Адкажыце на гэта пытанне, і праблема мэтазгоднасці выкарыстання крытыкі больш не будзе перад вамі стяць. Шчыра адкажыце!