Выкарыстоўваючы славянскую ваенную сілу, у прыватнасці, гарадзенскую дружыну, вялікі князь змагаецца з валынцамі і захоплівае вялікі буйны і багаты Драгічын (Драхічын).
Такім чынам, вялікія князі XIII стагоддзя, а менавіта Міндоўг, Войшалк і Тройдзень, на думку аўтара, унеслі вялікі ўклад у фарміраванне дзяржавы на ранніх этапах яе існавання. Таму, не адмаўляючы важную ролю Міндоўга, трэба ўлічваць значэнне яго прымачоў на троне Літвы, і перш за ўсё сына літоўскага караля, вялікага князя Войшалка.
Фарміраванне дзяржавы, зразумела, не скончылася ў XIII стагоддзі. Значны ўклад у развіццё краіны ўнёс вялікі князь Гедымін, які выразна абазначыў сталіцу Літвы, горад Вільню, і значна пашырыў межы сваёй краіны.
Але нават пры Гедыміне ВКЛ усё яшчэ нагадвала нейкую унію напаўнезалежных княстваў. Зямлямі, якія фармальна ўключаліся ў ВКЛ, кіравалі не толькі сыны Гедыміна, у прыватнасці, Альгерд і Кейстут (адпаведна, віцебскі і трокскі князі), але і, відаць, члены спрадвечных, славянскіх дынастый, да прыкладу, мінскі князь Васіль.
Падобным чынам быў арганізаваны пандзяржаўны звяз, вядомы ў гісторыі як Свяшчэнная Рымская імперыя германскай нацыі, дзе асобныя землі кіраваліся адносна незалежнымі ад імператара валадарамі.
Фарміраванне ВКЛ як адзінай краіны, з выразна выяўленай і структураванай цэнтральнай уладай, было доўгім, а важнейшы ўклад у стварэнне дзяржавы ўносілі розныя манархі.
Адкуль паходзілі манархі Вялікага княства Літоўскага?
Не ўносячы ў разуменне гісторыкаў нейкіх вялікіх нечаканасцяў старажытныя дакументы паказваюць, што Літвой кіравалі этнічныя літоўцы. Хоць, тут варта адзначыць, што існуюць розныя версіі паходжання літоўскіх ўладнікаў, пра што яшчэ будзе сказана далей.
Роднасныя сувязі балцкіх валадарцаў ВКЛ прадстаўляюць для даследчыкаў пэўнага роду складанасць, ці, кажучы інакш, генеалагічныя ланцужкі нясуць у сабе разрывы, якія не дазваляюць дакладна вызначыць ці звязаны першы і апошні кароль Літвы Міндоўг з вялікім князем Гедымінам.
Пасля Гедыміна паходжанне ўсіх літоўскіх манархаў ужо добра прасочваецца на падставе пэўных дакументаў.
Апроч найбольш знакамітых балцкіх ўладцаў ВКЛ, такіх як Міндоўг, Гедымін, Альгерд, Вітаўт і Ягайла, валадарамі Літвы з'яўляліся значна менш вядомыя манархі. Напрыклад, пасля Войшалка Літвой кіраваў Шварн Данілавіч з дынастыі Рурыкавічаў. Гэта князь з'яўляўся адзіным, калі можна так сказаць, афіцыйным прадстаўніком знакамітай манаршай дынастыі Русі на стальцы ВКЛ.
Зрэшты, Войшалк знаходзіўся ў падпарадкаванні іншага галіцка-валынскага Рурыкавіча, а менавіта Васількі Рамановіча, якога, паводле пэўнага Галіцка-Валынскага летапісу, сын Міндоўга называў «бацькам і панам», што з'яўляецца традыцыйным для летапісаў указаннем на васальную залежнасць. І хоць дакументы не дазваляюць даследчыкам вызначыць наколькі значнай насамрэч была залежнасць Войшалка ад Васількі, усё ж і гэтага Рурыкавіча можна лічыць фармальным вярхоўным уладаром Літвы, хоць ён не фігуруе ў традыцыйных пераліках вялікіх князёў літоўскіх.
Асвятляючы ўклад Рурыкавічаў у кіраванне Літвой можна адзначыць і некаторых жанчын, у прыватнасці, князёўну, вядомую як Марыя Віцебская, а таксама Іўліанію Цвярскую, якія не мелі надта вялікага ўплыву на палітыку краіны, але былі жонкамі вялікага князя Альгерда.
Некаторыя даследаванні ставяць пытанне аб паходжанні ад Рурыкавічаў княжацкага роду Вішнявецкіх. Як вядома, Міхаіл Вішнявецкі быў вялікім князем літоўскім і каралём польскім.
У венах Соф'і Гальшанскай, заснавальніцы магутнай дынастыі Ягелонаў, цякла кроў традыцыйна звязаных з Рурыкавічамi князёў Друцкіх. Пры гэтым, нябачаныя гісторыкамi мінулага генетычныя даследаванні, быццам бы паказваюць на паходжанне Друцкіх не ад Рурыкавічаў ці Гедымінавічаў, але ад нейкай мясцовай дынастыі, з ваколіц Друцка.