– Правiльна, – задаволена адказаў Зондакс, яму было прыемна, што яго ўзгадаў гэты малады, прыгожы сышчык. – Я – Петэрс Янавiч Зондакс, – адрэкамендаваўся ён i з горкiм сумам дадаў: – Шкада, што Сарокi няма, хацелася ў агульных рысах даведацца, як iдзе раскрыццё забойства.

– Лейтэнант Сушынскi, – адрэкамендаваўся сышчык i, спахапiўшыся, таропка дадаў: – Што мы стаiм, зойдзем да мяне, пап’ём кавы, заадно i пагаворым. А маёра Сарокi няма, ён у камандзiроўцы.

Зондакс з цiкаўнасцю зiрнуў на Сушынскага. Шчырая ўсмешка, жывыя, пiльныя вочы выклiкалi прыхiльнасць.

«А лейтэнант можа ведаць тое, што i Сарока», – падумаў камісар, а ўголас прамовiў:

– За кубачак гарачай кавы буду ўдзячны, – і, iдучы прыцемненым калiдорам, спытаў: – Вас як завуць?

– Мiкалай Iванавiч, – машынальна адказаў Сушынскi i, крыху сумеўшыся, дадаў: – Проста Мiкалай.

У невялiкiм шэрым пакойчыку, якi Сушынскi важна назваў кабiнетам, стаялi два абшарпаныя двухтумбавыя сталы i чатыры крэслы. Па правую руку ад увахода месцiўся вялiзны сейф, каля стала, за якi ўсеўся лейтэнант, – металiчная вешалка. Месца яшчэ заставалася роўна столькi, як разысцiся двум чалавекам.

– Сядайце за стол капiтана Глушакова, яго сёння не будзе, – запрасiў Сушынскi i, дастаўшы з шуфляды стала высакаваты кубак, налiў з графiна вады i апусцiў туды маленькi кiпяцiльнiк.

Зондакс, прыкiдваючы, з чаго пачаць гаворку, няспешна скiнуў скуранку, капялюш, пяцярнёй прыгладзiў валасы.

– Я ў водпуску, вось i падумаў, што раптам патрэбна якая дапамога, – сядаючы на прапанаванае месца, заклапочана сказаў ён.

– У нас таксама многа жадаючых трапiць у групу Астроўскага, але маёр абмежаваўся асобнымi даручэннямi…

– Пэўна, па нейкай прычыне?

У адказ Сушынскi толькi няўпэўнена перасмыкнуў плячыма.

Зондакс, каб не выклiкаць падазрэнняў залiшняй цiкаўнасцю, паспрабаваў перамянiць тэму гаворкi:

– Як хутка вернецца Сарока? – ён адсунуў ўбок невялiкую купку газет, што высiлася на стале, i ледзь не ўскрыкнуў ад радасцi: пад вялiкiм тоўстым шклом ляжаў такi ж фотаздымак, якi Фiлiн перадаў Буслу.

– Маёр з’явiцца не раней, як праз тыдзень, – адказаў лейтэнант i выключыў кiпяцiльнiк.

– Тут фотаздымак, вiдаць, адзiн з апошнiх. Мо i для мяне знойдзецца экземпляр?

Сушынскi адказаў не адразу. Ён устаў, падышоў да стала, за якiм сядзеў Зондакс, прыўзняў шкло, дастаў фотаздымак i, углядаючыся ў твары калег, сярод якiх быў i капiтан Бусел, цяжка ўздыхнуў:

– Сапраўды, гэта адзiн з апошнiх, трэба было б перазняць.

– У Вас такога не было? – надаючы голасу i свайму выгляду як мага больш абыякавасцi, спытаў Зондакс i сцiшыўся, чакаючы, што скажа лейтэнант.

Камісар iнтуiтыўна адчуў, што зараз нiтачка можа пацягнуцца.

– Быў i ў мяне, – горка ўсмiхнуўся Сушынскi, – толькi прапаў.

– Справа звычайная, хтосьцi з Андрэевых сяброў «пазычыў».

– Ён знiк яшчэ да таго, як з Андрэем Фёдаравiчам здарылася бяда, – лейтэнант звыклым рухам змахнуў з iлба непаслухмяныя валасы, вярнуўся да свайго стала.

Зондакса ў гэтую хвiлiну цiкавiў толькi фотаздымак, i ён настойлiва перапынiў лейтэнанта:

– Адкуль такая ўпэўненасць? Трэба пашукаць у стале, у сейфе.

Сушынскi адразу ўлавiў перамену ў голасе i ўважлiва, спадзеючыся разгадаць прычыну нервознасцi, паглядзеў на Зондакса. Петэрс зразумеў, што перацiскае, i, каб трошкi змякчыць сiтуацыю, пасмiхнуўся:

– У мяне быў такi выпадак. Памятаю, пiсьмо ад будучай жонкi атрымаў, прачытаў – i ў шуфлядку. А потым з iншымi матэрыяламi выпадкова падшыў у крымiнальную справу… Во рагатаў пракурор, калi прачытаў пакаянную злодзея, а следам жончыны прызнаннi.

– Бывае, – думаючы пра сваё, вымушана ўсмiхнуўся Сушынскi, – толькi не ў маiм выпадку.