– А колькi? – загарэлася Ядзя.
– Значыць, ты згодна? – шчыра ўсмiхнуўся Калеснiк i, цалуючы каханку ў шчокi, вусны, лагодна дадаў: – Мы больш нiколi не будзем разлучацца.
Ядзя сумелася, бо зразумела, што гэтым пытаннем выдала сябе: яна не павiнна была адразу пагаджацца.
– А раптам нас падловяць? – спалохана спыталася Ядзя. – Што за гэта будзе?
– Выключана, – рэзкавата i па-дзелавому запярэчыў Калеснiк. – Я старанна выбiраю клiента, на гэтую ролю абы-хто, першы з вулiцы не падыходзiць. I потым, мы пракручваем аперацыю не кожны дзень, а два, ад сiлы тры разы на месяц. Гэтага хапае, жывём прыпяваючы. Цi табе больш даспадобы кампанiя iнфантыльнага Шаўцова? Падабаецца назiраць, як ён потнымi пальцамi лiчыць драбязу?
– Ты ведаеш, што я сустракалася з Вiталiкам? – пачырванела Ядзя.
– Я пра цябе ведаю больш, чым ты пра сябе, – задаволена ўсмiхнуўся Калеснiк i працягнуў Ядзi шырокую далонь. – Ну што, па руках?
– Страшна, – сумелася Ядзя, яна, вiдавочна, какетнiчала. – А цi можна так, каб не фатаграфавацца? Мне брыдка, а што будзе, як пазнаюць?
– Галоўнае, каб на фотцы добра атрымаўся клiент, а твае толькi асобныя часткi цела. Без фотаздымкаў абысцiся можна, але непажадана, бо гэта доказ, i таму адразу ўзрастае цана.
– Выходзiць, шантаж?! – не то пытаючыся, не то сцвярджаючы, прагаварыла Ядзя.
– Называй як хочаш, толькi клiент сам прапаноўвае грошы, а значыць, i скардзiцца не будзе.
Ядзя надзiва хутка ўцягнулася ў «работу». Яна пачала нават атрымоўваць асалоду, назiраючы за п’янаватымi клiентамi, якiя, убачыўшы яе, кiдка-прыгожую, вабную, падцягвалiся, iх твары расплывалiся дурнаватымi ўсмешкамi, вочы быццам прылiпалi да яе гнуткага стану, да высокiх грудзей… У гэтыя хвiлiны Ядзя адчувала сваю перавагу, была казачнай феяй, ёй iмпанавала i цешыла яе самалюбства мужчынская пажадлiвасць. Яна артыстычна выконвала ролю разбэшчанай, капрызнай кабеты, якая не супраць пацешыцца, прыняць заляцаннi стомленага камандзiраванага.
Калеснiк i сапраўды прыдзiрлiва выбiраў будучага клiента. Ён некалькi дзён ацiраўся ў калiдорах якой-небудзь высокай дзяржаўнай установы, бо будучая ахвяра, «клiент», павiнен быць начальнiкам, хай сабе i невялiкiм, але абавязкова каб пры пасадзе. Калеснiк лёгка сыходзiўся з чалавекам, завязваў размову, а там i планы на вечар. Ён не навязваўся, а, быццам мiж iншым, узгадваў добрую знаёмую, якая пакутуе ад адзiноты. Клiент згаджаўся павячэраць у добрай кампанii, а далей, пасля некалькiх кiлiшкаў гарэлкi, усё iшло як па масле…
Потым Калеснiк заўсёды зласлiва кпiў з гэтых чыноўнiкаў, напачатку ганарлiва-пыхлiвых, а потым прынiжаных i плаксiвых, гатовых заплацiць любыя грошы, абы толькi ўсё засталося шыта-крыта.
З пэўнага часу Ядзя пачала адчуваць крыўду, лiчачы, што саўдзельнiкi робяць менш, а атрымоўваюць усе роўна. Асноўную работу выконвала яна, таму мець павiнна больш. Праўда, выказаць нязгоду Калеснiку пабойвалася, але выйсце знайшла: з пэўнага часу, перш чым мiргануць святлом, падаць знак Сержу i Iвану, употайкi шастала па кiшэнях спячых клiентаў i забiрала частку грошай.
Аднойчы Ядзя паспяшалася, не дачакалася, пакуль клiент засне. Толькi яе рука слiзганула ў кiшэню пiнжака, што вiсеў на спiнцы крэсла, як клiент узбычыў галаву i вылупiў чырвоныя вочы, куды толькi i сон падзеўся.
– Значыць, краля, чысцiш кiшэнi? – ухапiў ён Ядзю за рукi. – Я ў мiлiцыю зараз пазваню.
Ядзя перапужалася толькi на нейкую хвiлiну. Напамiн пра мiлiцыю надаў рашучасцi, яна з усёй сiлы штурханула клiента, кiнулася да дзвярэй, але чалавек, хоць i быў на добрым падпiтку, аказаўся спрытнейшы за яе.