Калi на плiце закiпеў чайнiк, а на стале сквiрчэла яечня, у дзверы пазванiлi. Ядзя страпянулася, выключыла плiту i з нядобрым прадчуваннем, на дыбачках, асцярожна перастаўляючы ногi, накiравалася ў цёмны калiдор. Не запальваючы святла, прытулiлася да вочка, якое свяцiлася ў дзвярах жаўтаватай кропкай. На лесвiчнай пляцоўцы стаяў Калеснiк.
«Вось i сон у руку», – непрыязна падумала жанчына i сцiшана, ледзь дыхаючы, крутнулася назад, на кухню. У яе не было анiякага жадання сустракацца з гэтым чалавекам, але Калеснiк настойлiва загрукаў у дзверы.
– Ядзя, адчынi! – пачуўся раздражнёны голас. – Я ведаю, ты дома!
Таiцца i хавацца надалей не мела сэнсу.
– Хто там? – санлiва азвалася яна, шчоўкнула выключальнiкам i наблiзiлася да дзвярэй.
– Адчынi, гэта я.
Ядзя адамкнула замок, скiнула з дзвярэй ланцужок i саступiла месца на ўваходзе:
– А я так успалася, што ледзь пачула.
– Не ганi туфту! – Калеснiк рэзка адштурхнуў жанчыну, крутнуўся ў спальню, на кухню, зазiрнуў у ванную.
Ядзя не пайшла за iм, ведала, каго можа шукаць былы каханак.
– Ты адна? – нарэшце вынырнуў у калiдор Калеснiк i з недаверам паглядзеў на гаспадыню.
– Я не павiнна адчытвацца! – гнеўна зiрнула Ядзя на няпрошанага госця i з абыякавым i пагардлiвым выглядам прайшла на кухню.
– Не можа такая пекная кабета спаць адна, – рагатнуў у спiну Калеснiк i, не распранаючыся, пасунуўся ўслед. – От, i сняданак гатовы, а кажаш, што спала, – ён па-блазенску зiрнуў на Ядзю i, не чакаючы запрашэння, па-гаспадарску ўсеўся за стол. – Частуй госця, сёння свята, хачу выпiць.
– Кажы, што трэба! – склала на грудзях рукi Ядзя i з выклiкам зiрнула Калеснiку ў вочы. – Ты ж не яечню есцi прыйшоў?
– Частуй каньяком, – робячы выгляд, што не заўважае Ядзiнай злосцi, скалiўся Калеснiк. – Цi ты чакала каго iншага?
– Так, не цябе…
Ядзя не паспела дагаварыць. Калеснiк рыўком ухапiў яе за валасы i балюча тузануў унiз. Жанчына не ўтрымалася на нагах, бразнулася на каленi.
– Не зарывайся, ведай сваё месца, – у твар прасiпеў Калеснiк i правёў вострым вiдэльцам па адной шчацэ, потым па другой. – Можа, крышку папсаваць твой глянец? Не мне – дык нiкому…
Ядзя заплюшчыла вочы, страх працяў цела, бо ведала, што ад гэтага чалавека можна чакаць усяго, ён слоў на вецер не кiдае. Яна заплюшчыла вочы i, стрымлiваючыся, цiха заплакала.
– Не скуголь! – злосна рыкнуў Калеснiк i адштурхнуў Ядзю ад сябе. – Гарэлку давай!
Ядзя таропка падхапiлася на ногi, дастала з шафкi пачатую бутэльку каньяку, паслужлiва, са згаслымi вачыма, налiла ў шклянку, падала Калеснiку i нясмела прагаварыла:
– Ты ж, мабыць, за рулём.
– Не бяда, – рагатнуў Калеснiк i, каўтануўшы каньяк, працягнуў пустую шклянку гаспадынi. – Нох айн маль!
Ядзя зноў налiла i паставiла бутэльку на стол.
– Ты снедай, а я прыбяруся.
– Дзвярэй не зачыняй, – закусваючы, загадаў Калеснiк, – я па справе, трэба пагаварыць.
Ён увайшоў у спальню амаль услед за Ядзяй i адразу абняў за плечы, прытулiўся, балюча сцiснуў грудзi.
– Не трэба, я не магу вось так… – усхлiпнула жанчына, нясцерпны смутак агарнуў душу.
– Затое я магу, – пажадлiва зашаптаў Калеснiк i бесцырымонна пiхнуў Ядзю на ложак…
Пасля яны доўга моўчкi ляжалi. Ядзя была прынiжана, адчувала неўтаймавальную злосць на Калеснiка, i ўсё ж у гэтую хвiлiну яе турбавала прычына ягонага вiзiту.
– Гэта ўсё цi чаго яшчэ захоча ваша мiласць? – здзеклiва спытала яна.
Калеснiк прыўзняўся i ўважлiва зiрнуў ёй у вочы. Ядзя нiколi не магла вытрымаць гэтага пранізлівага погляду яго чорных вачэй. Яна патупiлася, адкiнула коўдру, хацела ўстаць, але Калеснiк паклаў руку на плячо.