«Значыць, Прышч сустракаўся з жанчынай, заказчыцай майго забойства. Яна была ў Вожыка, пэўна, разлiчвалася з пасрэднiкам. Што яшчэ? Жыве ў шыкоўнай кватэры, i Прышч падбiвае Фiлiна абрабаваць тое жытло… У кабеты ёсць дачка гадоў дзесяцi i сабака пудзель, падстрыжаны пад iльва… Не так i мала я даведаўся, – задаволена ўсмiхнуўся Бусел, – пры жаданнi можна знайсцi кабету i па гэтай iнфармацыi».

На працягу дня злачынцы з’явiлiся на вулiцы два цi тры разы. Пад вечар Прышч зайшоў у хлеў, дзе стаяла машына, залiў у бак бензiну, а дзве поўныя канiстры паставiў у будку. Сюды ж прыцягнуў два вялiкiя рукзакi. Бусел адчуў, што хаўруснiкi збiраюцца ў дарогу, i не памылiўся. Калi добра-такi сцямнела, яны замкнулi хату, селi ў машыну, i праз хвiлiну чырвоныя агеньчыкi габарытаў знiклi ў лясным гушчары.

Бусел не спяшаўся пакiдаць схованку. Ён доўга прыслухоўваўся да рытмiчнага тахкання рухавiка i, калi ўсё сцiхла, не тоячыся, выйшаў з хлява, закурыў. Капiтан вырашыў падстрахавацца i хвiлiн дваццаць iшоў па лясной дарозе, дзе толькi што праехала машына. Усё было цiха. Калi вярнуўся да хаты, зусiм сцямнела. Ключ ад замка, як i дамаўлялiся з Фiлiнам, знайшоў у шчылiне памiж бярвеннямi пад самай страхой. Адразу запалiў газнiчку, падышоў да ложка, з нецярпеннем адкiнуў коўдру, потым сяннiк. На ржавай сетцы ляжала тое, што шукаў – газета. З сярэдзiны вывалiўся фотаздымак. Каля дрэва ў поўны рост стаяў бялёсы шыракатвары мужчына. У цяжкiм позiрку было столькi непрыхаванай тугi i безвыходнасцi, што Буслу стала неяк не па сабе. Гэты фотаздымак таксама хтосьцi пазначыў крыжыкам, а на адваротным баку ўсе чатыры куткi былi надарваныя, з рудымi плямамi, вiдавочна, здымак вырвалi з альбома. Нейкi час капiтану здавалася, што ён ужо некалi сустракаўся з гэтым чалавекам. Ён з хваляваннем, быццам вось-вось разгадае таямнiцу «добраахвотнiка», падышоў блiжэй да стала, пабольшыў кнот у счарнелай газнiчцы, але, як нi ўглядаўся, пазнаць мужчыну не змог. I раптам Бусел злавiў сябе на думцы, што Фiлiн быў правы, калi гаварыў, што яны з Гнiлым падобныя. На самай справе так i было, мо адсюль i гэтае незразумелае хваляванне?

На першай старонцы мiлiцэйскай газеты ў чорнай рамцы ўбачыў сябе ў параднай форме. Калi прачытаў некралог, мiжвольная ўсмешка кранула вусны: «Вось, аказваецца, якi быў я! Але чаму быў – ёсць! Смелы, зычлiвы i чулы, лепшы сышчык горада… Мяне чакала блiскучая будучыня!.. Ну што ж, паглядзiм!..»

На палях газеты Фiлiн развiтваўся з iм, паведамляў, што на фотаздымку Гнiлы, i, быццам мiж iншым, пазначыў, што ў вядомай яму схованцы пакiнуў ключы ад ягонай мiнскай кватэры, якiя забраў у Прышча, i грошы. Наконт грошай была прыпiска, што, калi ён iх цураецца, – можа не браць…

– Не, цяпер, калi я для ўсiх нябожчык, калi ў кiшэнi i капейка не звiнела, я грошы вазьму, – услых прагаварыў Бусел і сцiшана дадаў: – У доўг…

2

Праз два тыднi, апоўднi на чыгуначным вакзале ў горадзе Рызе з цягнiка сышоў маладжавы мужчына гадоў трыццацi пяцi – сарака. Высокi, шырокi ў плячах, апрануты ў джынсавы гарнiтур, ён быў падобны на спартсмена, але даўгаватыя бялёсыя валасы, рыжаватая з сiвiзной бародка i асаблiва рукзак за плячыма рабiлi яго больш падобным на вандроўнiка цi геолага, якi вяртаецца з чарговай экспедыцыi. Чалавек лёгкай, пружынiстай хадою прайшоўся па пероне i накiраваўся да стаянкi таксi. Праз некалькi хвiлiн машына неслася па рыжскiх вулiцах, а геолаг-вандроўнiк уважлiва разглядаў горад i некаму, вядомаму толькi яму аднаму, усмiхаўся. Машына спынiлася каля дванаццацiпавярховага гмаха, i барадаты, разлiчыўшыся з шафёрам, рашуча ўвайшоў у пад’езд, падняўся на лiфце на сёмы паверх, падышоў да дзвярэй кватэры нумар трыста, скiнуў з пляча рукзак i раз-другi нацiснуў на званок. Прыслухаўся. Не пачуўшы ў кватэры анiякага руху, чалавек вiдавочна захваляваўся i нервова нацiснуў на кнопку званка некалькi разоў запар. Нарэшце за дзвярыма пачулiся крокi, шамаценне, прыглушаны кашаль. Барадаты з палёгкай уздыхнуў, нецярплiва перакiнуў з рукi ў руку рукзак, далонню прыгладзiў белабрысую чупрыну. Дзверы прачынiлiся, i паўнаваты мужчына з капой нячэсаных чорных валасоў, гэткага ж росту, як i барадаты, апрануты ў спартыўныя штаны i белую майку, санлiва пазяхнуў i, слепавата прыплюшчыўшы вочы, утаропiўся ў няпрошанага госця.