Вядомыя дакументы не дазваляюць даследчыкам абсалютна дакладна высветліць рэальны аб'ём улады Шварна Данілавіча і дэталі яго княжання, але вядома, што яно было нядоўгім.
М. Барвіцкі. Шварн. Уяўны партрэт, 1908 год.
З вялікім князем літоўскім з дынастыі Рурыкавічаў звязаны даволі вядомы міф, які ідзе ад літоўскіх даследчыкаў. Сцвярджаецца, што ўлада пасля Шварна перайшла Тройдзеню, які нават, верагодна, выгнаў Рурыкавіча, бо нейкія «літоўскія эліты» хацелі бачыць вялікім князем «этнічнага літоўца». Як менавіта «літоўскія эліты» данеслі, праз стагоддзі, дакладную інфармацыю аб сваёй волі, да даследчыкаў, якія стварылі міф, застаецца загадкай, бо абставіны прыходу да ўлады Тройдзеня, яго паходжанне і абставіны смерці, дакладна не вядомыя з пэўных дакументаў. Акрамя таго, «шчыры літоўскі язычнік» Тройдзень, прыхільнік «нацыянальных каштоўнасцяў», меў, паводле, пэўнага ГВЛ, праваслаўных братоў. Цалкам пераканаўчай гіпотэзай будзе тлумачэнне праваслаўнага хрышчэння братоў вялікага князя тым, што яны кіравалі ў славянскіх гарадах дзяржавы Тройдзеня.
Хоць Міндоўг, Войшалк і Шварн ёсць у пераліку вялікіх князёў літоўскіх, фактычна, для таго, каб казаць пра існаванне нейкага маналітнага дзяржаўнага апарата, на гэтым адрэзку гісторыі ВКЛ, у даследчыкаў няма важкіх падстаў.
Дзяржава працягвала фармавацца і працэс гэты быў бурным і спалучаным з мноствам канфліктаў.
На думку аўтара, уладная чахарда ў землях Панямоння некалькі нагадвала сюжэт пацешнай савецкай камедыі «Вяселле ў Малінаўцы».
Цёмныя гады ранняга перыяду існавання Княства так слаба прадстаўлены ў вядомых крыніцах, што, па сутнасці, канструююцца навукоўцамі па макулінках, і гэта, зразумела, прыводзіць да моцнай варыябельнасці гістарычнай карціны, што малюецца спецыялістамі, якія часта падключаюць да навуковага працэсу фантазію і будуюць свае працы на дапушчэннях.
Вядома, што некаторыя даследчыкі выводзяць на першы план Войшалка, прадстаўляючы менавіта яго стваральнікам дзяржавы. У падобнай ролі гэты князь фігуруе, напрыклад, у Мікалая Ермаловіча, для якога праваслаўны ўладца, які карыстаецца падтрымкай наваградцаў і пінчукоў, быў больш хвацкі, у якасці пачынальніка дзяржавы, чым з'явіўшыся ў Навагародку, пры смутных абставінах, Міндоўг.
Варта адзначыць, што падобны погляд на летапісныя падзеі тых гадоў дэманструюць не толькі падобныя Ермаловічу прадстаўнікі рамантычнай гістарыяграфіі, схільныя да творчасці ў духу фолк-хісторы, але і некаторыя прадстаўнікі стражэйшай, акадэмічнай навукі.
Важную ролю ў станаўленні дзяржавы адыграў і вышэйзгаданы Тройдзень, які з'яўляўся, на думку аўтара, выдатным палкаводцам, чые ваенныя поспехі дапамагалі ўмацавацца ВКЛ, якое працягвала фарміравацца.
Тройдзень. Уяўны партрэт, XVI стагоддзе.
Нарэшце, не варта забываць пра Гедыміна, заснавальніка адной з самых магутных кіруючых дынастый Усходняй Еўропы, пры якім была выразна пазначана сталіца дзяржавы – Вільня, а славянскія і балцкія гарады больш шчыльна зблізіліся ў рамках дзяржаўнага утварэння, якое пачало быць падобным на федэрацыю з дастаткова шырокай аўтаноміяй суб'ектаў, але аднак жа з яшчэ недастаткова развітым цэнтральным апаратам.
Гедымін. Уяўны партрэт, XVII стагоддзе.
Аб тым, ці быў захоп продкамі літоўцаў земляў будучай Беларусі
Як вядома, тэза аб захопе земляў Навагародскага княства літоўскім нобілем Міндоўгам з'яўлялася папулярнай канстантай у савецкай гістарыяграфіі, а пазней, у рамках работ беларускага гісторыка-рамантыка, Мікалая Ермаловіча, была перавернута з ног на галаву, у выніку чаго Міндоўг ператвараўся з захопнiка Навагародка, які дзейнічаў у інтарэсах літоўскіх феадалаў, у захопніка земляў літоўскіх феадалаў, які дзейнічаў у інтарэсах навагародскага баярства.