На парозе стаяў Анцік з бутэлькай і ўжо на падпітку.

– Здароў! Давай пасядзім, удваіх. Абрыдлі мне гэтыя кампаніі, – не чакаючы запрашэння ўваліўся і пачаў распранацца.

Вінусь моўчкі пакорліва пайшоў за кілішкамі на кухню.

Анцік тым часам пасоўваў камп’ютар на стале, каб найлепей уладкавацца.

– Кацяра ў цябе шыкоўны! – крыкнуў ён з пакоя. – Даўно я не быў у цябе, не бачыў яшчэ. Дзе набыў?

– Ды так, у мастака аднаго, – азваўся Вінусь, мыючы чаркі.

Ён прынёс хлеб, сала, кіслыя агуркі – што яшчэ трэба для душэўнай размовы.

– I ўсё-ткі незвычайны нейкі кот у цябе. Быццам падміргвае. Дык ты і застаўку такую самую зрабіў? Ану, што тутака цікавага…

– Не лезь! Лазяць тут розныя, а потым вірусы пруць…

– Вой-вой-вой, вірусы, падумаеш! Пішаш што?

– Ну пішу. Табе што? – гыркнуў Вінусь.

– Ды нічога-нічога, не буду я глядзець без твайго дазволу. Гэта ж усё адно што ў душу лезці. Ну, за творчую смеласць, – выпіў і захрумсцеў агурком. – А я, ведаеш, нешта не магу пісаць. Апошнім часам нейкі страх апаноўвае. Думаецца, што пісаць – значыць растрачваць сябе. Вось увасобіш свае ідэі на паперы, выкажаш усё, а раптам больш анічога новага не прыйдзе? I застанешся ты пусты і непатрэбны, а яшчэ горш – нікому не цікавы. Я зрабіўся нейкім калекцыянерам думак. Ходзіш такі загадкавы, думкі цікавыя носіш, усім цікавы, сыплеш фразачкі налева-направа. А потым з жахам разумееш, што сёй-той спрытнейшы паклаў ужо твае выразы на паперу і ганарыцца імі як сваімі ўласнымі. I морду яму не наб’еш, бо плагіят «дакументальна» не зафіксаваны.

– Таму я лічу, што творца павінен быць вольным ад ягонага асяродку. Што кантакт ягоны з ім павінен быць на асобасным узроўні, а не на творчым. Бо ты літаральна атручваешся чужымі думкамі, губляеш сваю самасць і толькі клапоцішся пра тое, каб некага пераплюнуць. А на самай справе не можаш узняцца вышэй за гэты асяродак, варышся ў гэтай калатнечы і лічыш сябе найсамейшым. Інтэлектуальна кантактаваць трэба з наасферай, з вопытам усяго чалавецтва.

– Але ж ён таксама складаецца з асобных імёнаў, і ты кантактуеш з кожным паасобку. Некага прымаеш, некага – не, і ўсё гэта таксама на цябе ўплывае. Чаму ты гэта не лічыш атручэннем?

– Бо гэта ўжо спадчына – скарб, гэта іншыя варункі, і табе цікава ўсё асэнсоўваць з пазіцый сучаснасці.

– Аднак жа ёсць і побач з табой скарб – прызнаныя майстры, з якімі ты нібыта ў падобных варунках. Калі ты не будзеш ведаць, чым жывуць іншыя, што яны пішуць, ці не рызыкуеш ты паўтарыцца і ў няведанні стварыць нешта занадта падобнае да таго, што ўжо ёсць? Бо ж, па сутнасці, анічога ў свеце не мяняецца і мы існуем у адных і тых жа сюжэтах, толькі дзеючыя асобы іншыя.

– Дык на тое ты і творца, каб сказаць пра тое ж, ды не так. Усе творцы былі надзвычай самотнымі людзьмі. Ствараць чалавек пачынае толькі сам-насам з аркушам. Творчасць – гэта квінтэсенцыя сябе. Трэба жыць ёю. Жыць з дня ў дзень, не думаючы, што вось калі-небудзь я стану такім і такім, а пакуль і так абыдзецца.

– Ну добра, а ці не хочацца прызнання? – ажывіўся Анцік. – Трэба, каб гэтае самае не любімае табой атачэнне прызнала за табой талент, абвесціла твае творы таленавітымі, а інакш якая карысць ад твайго ўсведамлення сябе геніяльным?

– А што мне нечае меркаванне? Дзе цяпер многія з тых, каго на пэўных этапах гісторыі абвяшчалі таленавітымі, што патрапілі ў струмень часу, выявілі ягоны дух? Іх творы есць моль, грызуць мышы, паглынае пыл. Такія іх чытачы.

– Папера амаль аднолькавая, і мышам па зубах вялікі філасофскі трактат і смачная ім «мыльная» апупея. Не ўсе з трапятаннем адносяцца да кнігі. Людзі хутчэй распаляць у грубцы якім-небудзь Дастаеўскім і адлупцуюць дзіця за шчыра размаляваную матчыну меладрамку. Літаратура цяпер пад грыфам «Для службовага карыстання» – студэнтамі, навукоўцамі, выкладчыкамі. Такі час. Я ўжо не кажу пра беларускую. Вось пайшлі на вуліцу, сацыялагічнае апытанне правядзем, – ускочыў Анцік і пацягнуў за рукаво Вінуся, – якія творы беларускай літаратуры чыталі апошнім часам? Ну што, хадзем?