– А потым?

– А потым-потым, – перадражніў кот. – Потым джын з кампотым. Потым ужо вам будзе ўсё адно – пішіця, не пішіця – як каціця. Хво’ых не судзяць. Рыбіна пагражальна пырскнула фантанчыкам са шпрыца і пачала набліжацца да Вінуся. Ён ускочыў на стол і закрычаў:

– Адчапіцеся! Пашалелі вы, ці што?

Кот зарагатаў і, сеўшы ў цацачную машынку «хуткай дапамогі», пакаціў, гарлапанячы як сірэна, рыбіна наверсе круціла галавой бы мігалка.

– Звар’яцець нядоўга, – выдыхнуў хлопец, злазячы са стала. – Аднясу на выставу ды прадам цябе, гад паласаты, будзеш тутака паманьвацца са мной.

– Уга, прадай-прадай, хоць грошай на сваю паненачку заробіш, не па кішэні яна табе, – цвяліўся кот.

– Ды ідзі ты, – Вінусь проста з нянавісцю зірнуў на карціну.

Яму падалося, што кот на два бакі расцягнуў пальцамі рот і падражніўся чырвоным даўгім языком, як мульцяшныя героі, – «бала-бала-бала».

– Вар’яцтва нейкае! Шыфер шаргаціць па швах – ціха аб’язджае дах… Ін’екцыя твораглабуліна – неадкладна! Прымроіцца ж такое?! А мо і сапраўды я ёй не спадабаўся? Што можа знайсці ўва мне гэткая дзяўчына? Ну, працую ў выдавецтве рэдактарам – нібыта прэстыжна. Маю за плячыма вышэйшую адукацыю, аспірантуру. Ну, даволі сімпатычны хлапец, як усе кажуць.

Вінусь падышоў да люстра.

– А дапраўды, я нічога сабе. Можа, нос крыху велікаваты. Але гэта прыкмета неардынарнай асобы. Лоб высокі. Вочы немаленькія. Бровы нелінялыя. Вусны… Вусны нават вельмі сэксуальныя. Ну што яшчэ трэба?

– Так-так, сапраўдны мужчына павінен быць крыху прыгажэй ад малпы, як сцвярджае народная банальнасць, – зрабіў выснову кот. – А мужчына без жывата – гэта ўвогуле пацан, – сказаў ён, задаволена гладзячы сябе па бруху. – Аднак ты, Вінсэнты, не адчайвайся, возьмеш шлюб – адрасце.

Хлопец, не звяртаючы на яго ўвагі, працягваў:

– Урэшце, я цікавы суразмоўца…

– Вой, трымайце мяне сямёра, – зарагатаў кот. – Ды з цябе ж слова добрага клюгамі не выцягнеш. Толькі і чую адныя абразы ад цябе – нават пераказваць прыкра.

– Я разумны, скрозь дзяўчатам падабаюся…

– Ага, толькі такіх, якім ты падабаешся, найбольш цікавіць не розум, а нешта… крыху ніжэй.

– Ды я… я… Я творы пішу – вось! Дзе яна яшчэ такога знойдзе? – Вінусь пераможна распасцёр у бакі рукі.

– Вядома ж, non omnia possumus omnes (не кожнаму ўсё даступна), – заўважыў кот.

– Такія незвычайныя вочы… Ёй толькі фотамадэллю быць, тварам якой фірмы! Няўжо такое магчыма? Мо гэта лінзы?

– А для катоў у гэтым нічога нязвычнага няма.

– Верш для яе не выходзіць. Ну не атрымоўваюцца ў мяне радасныя рэчы. Можа, у маёй мове болей сумных слоў – недарэчная мова…

– Гэх ты, філалох. Мова яму не падыходзіць!

– Жыццесцвярджальных слоў няма. А слоў няма…

– Сапраўды, пашукаць яшчэ такіх аслоў! – бурчэў кот. – Раuса vеrbа (меней слоў). Згортвай ужо свае сентэнцыі з інсінуацыямі, абрыдла гэтая ода сабе любімаму.

– Куды ж яе запрасіць?

– Так-так, каб хаця не падацца банальным.

– Рэстаранамі ды кавярнямі яе не здзівіш…

– Згуляем? – крадком падышоў кот з веерам картаў у лапе.

– Гэта яшчэ навошта?

– А ты выцягні карту – аб нечым даведаешся. Вінусь узяў карту: «Тэатр» – значылася на ёй.

– Тэатр… Тэатр! Сёння ж «Тутэйшых» даюць! Калі яшчэ такое надарыцца?! Вядома ж, тэатр! Ты малайчына!

– Вось ты і першы раз мяне пахваліў, – прамуркатаў кот.

эпізод 8

Вінусь праз дзясятае знаёмства ледзь дастаў квіткі на спектакль. 3 аднаго боку, такое паломніцтва радавала, з іншага – засмучала: ідзе п’еса гады ў рады, а зараз яшчэ нібыта дэкарацыі рамантаваць будуць. I колькі?

– Няма лішняга квіточка? – бясконца з усіх бакоў торгалі Вінуся. I вось у натоўпе ён заўважыў яе, радасна пабег насустрач.