«Як бачна, не мяне аднаго пераследвала жывёла. Можа быць я і нездарма ўспомніў пра старажытных прадказальнікаў…» – пранеслася ў галаве Уладзіміра, і ён сербануў яшчэ кавы.

Троіца маўчала, абдумваючы тое, што з імі здарылася. Мiнчук вырашыў перайсцi да мэты свайго візіту, ды сказаў:

– І што ж у вас за археалогія цікавая, раскажыце, калі ласка.

Віка парнула да госця ноўтбук, на экране якога былі здымкі знаходак Мечыслава.

– Фоткi артэфактаў я ўжо і так бачыў, – сказаў малады чалавек. – Спадзяюся, я змагу ўбачыць гэтыя чароўнасцi і на ўласныя вочы?

– Канешне, – прамовіў Мечыслаў, жуючы круасан.

– Я так разумею, – сказаў Уладзімір, – што галоўная наша задача расшыфраваць гэты рукапіс з бутэлькі, то бок пасланне скрозь стагоддзі ад Панятоўскага.

Маладыя гарадзенцы кіўнулі.

– Пакажыце яго, – дадаў мінчанін.

Віка шчоўкнула па клавіятуры ноўтбука і перад гісторыкам паўстал фотаздымак пергамента з надпісам. Уладзімір ведаў яго на памяць. З таго часу, як гiсторык атрымаў паведамленнем на сваю старонку ў сацыяльнай сетцы гэты тэкст, ён столькі разоў яго чытаў, што мог бы распавесці нават прачнуўшыся ад удару грома, але фота пергамента бачыў упершыню. І гэта карцiнка зрабіла на яго вялікае ўражанне. Прабягаючы тэкст вачамі, ён чытаў у думках:

«Рыцар Salsinatus імёны свае ў трыкутнік склаў. Пастаў абраных па імёнах на месцы іх у дзень прыходу рыцара ў свет зорная карта яго сонцам на сонца пакажа ў імёнаў трыкутнік. Адказ у імёнах абраных складзеных разам атрымаеш ты. На Шуканым знойдзеш яго ў дзень прызначаны».

– Пергамент проста магічны, – сказаў Уладзімір услых.

– Імёны свае ў трыкутнік склаў… – прамармытаў Мечыслаў.

– Як можна скласці імёны ў трыкутнік? – спытаў Уладзімір.

– І дзе можа быць гэты трыкутнік? – дадала Віка.

– Гаворка пра трыкутнік, відавочна, нездарма, – сказаў Уладзімір, – гэта адзін з сымбаляў розэнкрэйцараў…

– А мы ведаем ужо, што на капсуле сімвал розэнкрэйцараў і што кароль Панятоўскі быў масонам, – сказала Віка.

– І акрамя таго цікавіўся і розэнкрэйцарамi, – дапоўніў Уладзімір.

– Можа быць, гаворка пра нейкую… мапу, – выказала здагадку Віка. – Дзе можа быць намаляваны трохкутнік? Гэта павінна быць нешта накшталт карты, карты на якой ёсць імёны.

– Тут гаворка пра імёны Панятоўскага, раз гэта ён рыцар Salsinatus, – прамовіў Уладзімір.

Ён пачухаў патыліцу, зрабіў глыток кавы і працягнуў:

– Але што гэта за імёны?

– Станіслаў і Аўгуст? – зноў выказала здагадку Віка.

– Цi гэта нейкія іншыя імёны. Якія яшчэ былі імёны ў Панятоўскага? – спытаў Уладзімір.

– Salsinatus, – ягонае таемнае імя, – сказала Віка.

– У яго манаграме «S A R» апошняя літара R, – дадаў Уладзімір.

– Гэта Rex. На лацінскай значыць кароль, – сказаў Мечыслаў.

– Так-так, менавіта, – пацвердзіў Уладзімір. – Iмёнаў у караля, выходзіць, даволі шмат і гэта толькі тыя, што вядомыя нам, але дзе тая карта, ці нешта накшталт яе, на якой можна скласці ягоныя імёны разам? Ну і, мабыць, гаворка аб трох яго імёнах.

– Так, бо ў трыкутніка тры бакі і тры кута, можа быць пэтрэбныя роўна тры іменi, – сказаў Мечыслаў.

– Але як выбраць тры з усіх тых ягоных імёнаў, якія нам вядомыя? – спытала Віка.

Мечыслаў пагрузіўся ў роздумы. Кожны раз, калі ён чытаў тэкст з пергамента, яго не пакідала думка, што ён бачыў дзесьці, у нейкіх гродзенскіх гісторыкаў, нешта пра трыкутнік неяк звязаны з каралём Панятоўскім. Ён з усёй сілы зажмурыўся і рэзка раскрыўшы вочы, паглядзеў на Віку. На шыі ў яе вісела срэбнае ўпрыгожванне трохкутнай формы, з трыма чырвонымі каменьчыкамі па краях. Рашэнне прыйшло да яго ў адну секунду, кавалачкі мазаікі, якія ён ніяк не мог падабраць з цёмных закуткоў памяці, склаліся ў адно цэлае.