– Гэтыя рабочыя проста як цыркачы. У жыцці не бачыў такіх вясёлых капальнікаў, – сказаў сам сабе Мечыслаў. І тут жа апусціў галаву, таму што яго рука адчула нейкі выцягнуты прадмет.
Змахнуўшы зямлю, якая патрапіла на яго наручны гадзіннік (ён паказваў тры гадзіны дня) гісторык глянуў на тое, што было ў яго руцэ. Угледзеўшыся, ён спачатку не паверыў вачам. Гэта была невялікая металічная капсула з выявай нейкіх завіткоў, не вельмі добра бачных на цёмнай паверхні. Над гэтымі завіткамі змяшчалася карона. Трохі ачуняўшы ад здзіўлення, ён падумаў, што ўжо бачыў гэтую выяву.
– Дык гэта ж… – гісторык здзіўлена падняў бровы.
На капсуле была адлюстравана манаграма караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, дакладна такая ж, як на сцяне яго гродзенскага палаца. Тры лацінскіх літары «S A R», якія азначаюць фразу на лацінскай мове: «Stanislaus Augustus Rex».
«Станіслаў Аўгуст Кароль», – падумаў Мечык.
Але самым дзіўным Мечыславу здалося тое, што капсула, падобна, была зроблена са срэбра. Матэрыял пацямнеў, але ў свежай драпіны, нанесенай лапатай рабочага, якi не заўважыў, што ён выкінуў на паверхню, праступаў светлы метал.
Мабыць, гэта было не зусім правільным дзеяннем, але малады гісторык сунуў капсулу пад кашулю і, падняўшыся на ногі, хуткім крокам пайшоў прэч, не гледзячы на ўсё яшчэ дуракуючых людзей з рыдлёўкамі.
Пралятаючы па вуліцах, Мечыслаў адчуваў, як сэрца калоціцца ў грудзях. Часам ён зазіраў пад кашулю, каб пераканацца, што ён нічога не прыдумаў і яму сапраўды ўдалося знайсці такi каштоўны артэфакт.
Выпусціўшы на парозе хаты ключы, ён імкліва нагнуўся за імі і, намацаўшы іх злёгку дрыготкімі пальцамі, рэзка выпрастаўся, выдыхнуў, сказаўшы сабе, што трэба супакоіцца, затым ускінуў галаву, а потым рэзка ўставіў ключ у замок. Ключ лёгка пракруціўся і Мечык увайшоў у дом. Цяпло і знаёмы пах свайго дома адразу супакоілі яго, але неверагодная знаходка працягвала паліць рукі. Шурпатая, цёмная паверхня капсулы, была прыемнай навобмацак, але галоўнае, вядома, тое, што ўнутры. Што можа быць схавана ў капсуле з каштоўнага мэталу з манаграмай апошняга ўладцы Рэчы Паспалітай?
Падняўшыся на гарышча дома, гісторык пашукаў інструменты, якія маглі спатрэбіцца для працы з капсулай. Нечакана ён кінуў усё ды проста сеў на кульгавае старое крэсла, якое дасталося яму ад прадзеда, і пільна прыгледзеўся да капсулы. На ёй быў яшчэ адзін, цяпер ледзь прыкметны, знак. Нешта накшталт крыжа і ружы. Ніякіх надпісаў відаць не было, але зачынена капсула была вечкам з маленькай ручкай у выглядзе каровінай галавы.
– Так-так, – прашаптаў сабе пад нос Мечык. – Галава вала, здаецца гэта герб Панятоўскіх.
Было падобна, што вечка проста ўстаўлена ў капсулу і ніяк не мацуецца звонку. Захоўванне ў неналежных умовах зрабіла сваю справу: стан капсулы быў даволі такі дрэнны. Малады чалавек злёгку патузаў за галаву вала – вечка не паддалася. Прыгледзеўшыся, Мечыслаў заўважыў, што рагатая ручка вырастала з невялікай кароны.
– Гэта сапраўды герб Панятоўскіх, – гучна ўголас сказаў сам сабе Мечык.
Застыўшы на некалькі секунд, малады чалавек паспрабаваў круціць ручку супраць гадзіннай стрэлкі. Вечка не паддаваліся. Сціснуўшы вусны і глыбока ўдыхнуўшы, гісторык яшчэ раз паспрабаваў пакруціць ручку. На гэты раз ён пачуў рэзкаваты трэск і вечка, на здзіўленне лёгка адлучыўшыся, засталася ў левай руцэ Мечыслава. Капсула была адкрыта!
Чамусьцi менавіта ў гэты момант Мечык успомніў, што так і не вярнуўся на працу, і проста будзе мець прагул. Але гэта яго зусім не кранула.
Ён здрыгануўся ад гуку сігнала вырабленага суседскім аўтамабілем, якi пад'ехаў да дома насупраць. Машынальна падняўшы галаву і паглядзеўшы ў вакно, ён тут жа зноў яе апусціў і плаўна павярнуў да сябе капсулу, тым бокам, дзе толькі што была вечка, а затым пільна зірнуў унутр.