Пасля таго як сувязь перарвалася Мечык падышоў да акна і паглядзеў на вуліцу.
– Ну і што там? – спытаў Уладзімір, якi ўсё яшчэ трымаў у руках капсулу.
– Уяўляеш, Лiтвакас прыехаў у Гродна і патэлефанаваў Віцы. Прапанаваў ёй сустрэцца, і яна зараз ідзе на гэтую сустрэчу.
– Дык гэта ж добра, – спакойна сказаў Уладзімір. – Напэўна ён паведаміць, пра нешта важнае, а інакш, чаму ён прыехаў у Гродна?
– Мда… У мяне нейкае дзіўнае пачуццё… Як быццам бы гэты Лiтвакас нясе нейкую пагрозу. Як быццам бы ён звязаны з пагрозай. Ты вось ведаеш яго даўно. Што ён за чалавек? – спытаў Мечык.
– Ну, ён добры спецыяліст, – адказаў мінчанін.
– А што ён за чалавек?
Уладзімір толькі паціснуў плячыма.
Пакуль Мечыслаў і Уладзімір абмяркоўвалі Лiтвакаса, Віка амаль прыйшла на месца сустрэчы. Дзяўчына была вельмі педантычная і не любiла спазняцца. На сустрэчы, тым больш дзелавыя, яна амаль заўсёды прыходзіла загадзя і нярэдка сама чакала таго з кім дамовілася.
Побач з помнікам знаходзілася старая гарадзенская аптэка з выдатным інтэр'ерам. Бываць там было прыемна, і дзяўчына зазірнула туды, бо да трох гадзін было яшчэ трохi часу. Правёўшы некалькі хвілін у аптэцы, Віка выйшла на вуліцу і накіравалася да помніка Элізы Ажэшкі, да якога заставалася прайсці самую драбніцу.
Да здзіўлення дзяўчыны Лiтвакас ужо чакаў там. Прафесар прыйшоў на сустрэчу нават раней яе і цяпер сядзеў на невялікай, чыстай лаўцы.
Вiленскi госць падняўся насустрач той каго чакаў, і моцны парыў ветру расчыніў крысы яго цяжкага, зімовага паліто, пашытага з шэрага драпу. Неверагоднай даўжыні шалік быў наматаны на шыю прафесара. Ягоныя лакаваныя туфлі не адрозніваліся чысцінёй, а тоўстыя далоні з даволі такі кароткімі пальцамі – напалову выглядалі з кішэняў цёмных, паласатых штаноў. Ён быў з тых людзей, якія выглядаюць смешнымі дзівакамі нават у дарагой вопратцы і дарагой машыне, з дарагім гадзіннікам на запясце, а асабліва смешнымі такіх людзей робяць дарагія сяброўкі, што трымаюць іх пад руку.
Чорныя вочы Лiтвакаса глядзелі, не адрываючыся, на Віку. Зімовае сонца залівала месца сустрэчы прафесара і дзяўчыны. Акуратны помнік Элізы Ажэшкi ўжо шмат дзесяцігоддзяў упрыгожваў Гродна і цяпер твар пісьменніцы быў звернуты да Лiтвакаса. Стаяў невялікі мароз і ў гэтым месцы адкрываўся выдатны вiд на цэнтральны парк, названы ў гонар французскага навукоўца васемнаццатага стагоддзя – Жылібера. Нават голыя дрэвы гэтага парку выраблялі прыемнае ўражанне, а на маленькім мастку, з каванымі ажурнымі парэнчамі, як быццам вышытымі ў паветры чорнымі ніткамі, гарэзавала нейкая парачка, пасылаючы ў неба свае вясёлыя крыкі.
– Добры дзень, Вікторыя, – сказаў Лiтвакас, калі тая была яшчэ далёка. Ён быў упэўнены, што яго голасу хопіць моцы прабіцца скрозь вецер і дасягнуць слыху дзяўчыны, якая бадзёра шагала яму насустрач. Віка сапраўды пачула і, памахаўшы рукой, пайшла хутчэй.
– Добры дзень, – сказала яна, падышоўшы да Лiтвакаса.
Сонца асвятляла акуратна прыбраныя валасы, а вецер гойдаў вопратку дзяўчыны. Яна збянтэжана апусціла вочы і правяла па краі паліто сваімі доўгімі пальчыкамі.
Але Лiтвакас застаўся абыякавы да гэтай ідылічнай карціны. У іншы момант ён мог бы аддаць ёй належнае, бо быў заўзятым знатаком жаночай вабноты, аднак цяпер ён быў паглынуты нейкай ідэяй, якая спальвала ягоны мозг. Таму ён зрабіў крок да дзяўчыны, якая працягвала злёгку саромецца,, і гучна выпаліў:
– Віка, вы павінны кінуць гэтую справу са знаходкай.
– Што?
– Вы павінны перастаць разблытваць гісторыю гэтых знаходак, якія вы вывудзілі з часоў Панятоўскага. Я ўжо казаў, што гэта сур'ёзней, чым вы думаеце, магу толькі пацвердзіць свае словы. Ваш сябар можа прадаць мне гэтыя артэфакты.