Госць з павагай схіліў галаву і адказаў:
– Так, Ваша Вялікасць, вы маеце рацыю.
– Значыць вы як Радзівілы. У іх было прызначана імя Мікалай для старэйшых сыноў, не ведаю, праўда, ці выконваецца зараз гэты звычай. Але вы, ясная справа, не Радзівілы. Эх, мне зараз успомніўся вясёлы Караль Станіслаў Пане Каханку. Дзівак жа, вось дзівак, – і кароль гучна засмяяўся.
Нейкі час Панятоўскі яшчэ пасмейваўся сабе пад нос, але затым, не гледзячы на свайго госця, выняў аднекуль тры залатыя фігуркі на тоўстым ланцужку і, падняўшы вочы на Панурыша, працягнуў каралі яму. Якаў узяў рэч, якую працягваў кароль, паднёс яе да твару i пільна паглядзеў на тое, што было ў ягоных руках. Перад ім віселі залаты матылёк – абсыпаны дробнымі дыяментамі, залаты кабан – пакрыты смарагдамі і залатая драпежная птушка – падобная да сокала, упрыгожаная рубінамі. Залаты ланцужок быў масіўны, з велізарнай зашпількай, выкананай у выглядзе крыжа з ружай, пялёсткі якой былі сярэбранымі. Відавочна было, што гэта ўпрыгожванне вартае незлічоных грошай.
– Усё правільна? – спытаў Панятоўскі.
– Так, усё менавіта так як павінна быць, – адказаў Панурыш.
Прабіў гадзіннік. Кожны ўдар глуха адлятаў ад столі да падлогі і, у змрочнай зале, гэтыя гукі здаваліся па-сапраўднаму злавеснымі. Кароль здрыгануўся пры апошнім удары і, матнуўшы галавой, сказаў:
– Значыць, я буду жыць у Пецярбургу.
– У Мармуровым палацы, Ваша Вялікасць.
Скрыжаваўшы рукі на грудзях і паківаўшы галавой, Панятоўскі ўсміхнуўся.
– Добра быць усёведаючым, Якаў? Аб вашым дары мараць многія. Але я змагу загладзіць свой грэх? Як і вы?
– Не так ужо і добра, Ваша Вялікасць, але я не скарджуся. Грэх не ваш, а мой.
Кароль устаў, і Панурыш адразу ж падняўся ўслед за ім.
Панятоўскі падышоў да акна. У далі цямнеў Нёман. На супрацьлеглым беразе гарэлі агеньчыкі ў драўляных хатках, над стрэхамі якіх віўся ледзь бачны дымок. Панурыш стаяў за спіной караля. У цьмяным святле нешматлікіх свечак выгляд у госця быў таямнічы ды змрочны.
– Ну што ж… – сказаў кароль.
Панятоўскі вярнуўся да свайго крэсла, побач з якім стаяла невялікая скрыначка, уся пакрытая вытанчанымі завіткамі. Адкрыўшы яе, кароль дастаў сярэбраную капсулу са сваёй манаграмай і запытальна паглядзеў на Панурыша.
– Гэта тое, што трэба, Ваша Вялікасць, – сказаў той.
Каралеўскі госць зірнуў на свой пярсцёнак, на якім быў выкладзены ўпрыгожаны дробнымі смарагдамі трыкутнік. Кароль прасачыў яго погляд.
– Калі б я не ведаў, што вы таксама своеасаблівы кароль, я мог бы здзівіцца наяўнасці ў вас такога скарба, – сказаў Панятоўскі.
– Гэта сямейная рэліквія, Ваша Вялікасць, – адказаў Панурыш.
Засунуўшы руку за пазуху, Якаў дастаў адтуль нейкі скрутак цёмнай тканіны. Разгарнуўшы яго, ён выцягнуў невялікі, згорнуты аркуш пергаменту.
– Вось пяргамент, на якім Вашай Вялікасці варта пісаць, – нізкім голасам прамовіў Панурыш.
– Мабыць, нам спатрэбіцца больш святла, – адказаў кароль.
Панурыш падышоў да аднаго з падсвечнікаў і, выдраўшы свечку, зрабіў некалькі крокаў у бок невялікага століка, на якім стаяў залачоны кандэлябр. Ён запаліў кожную з трох свечак кандэлябра ад свечкі, якую трымаў у руках, а затым вярнуў яе на месца. Падсунуўшы крэсла да стала i з павагай схіліўшыся, ён даў зразумець каралю, што той можа заняць сваё месца і прыступіць да ліста.
– Гэтыя чарніла добра падыдуць для пергамента, – сказаў Якаў, дастаючы з-за пазухі невялікую бутэлечку з моцна прычыненай вечкай. – Зрабiце ласку ды скарыстайцеся маім пяром, Ваша Вялікасць, – дадаў ён, дастаючы маленькае, чорнае пёрышка.
Пяро гэта чамусьці зрабіла асаблівае ўражанне на Панятоўскага.