– Цьфу ты! – плюнула старая. – Зусiм з глузду з’ехаў! Ва ўборную сам не сходзiць, а падмiргвае!

Стары насупiўся i надоўга замаўчаў. Хмара цярплiва чакаў, але ў нейкi момант варухнулася сумненне, што дарма трацiць час, слухаючы старога маразматыка. Тое, што следчы маўчыць i не задае пытанняў, гаспадар ацанiў па-свойму.

– Ты раскажы пра апошняга ўхажора, – паспрабавала схiтрыць гаспадыня, яна, вiдавочна, хвалявалася, i такая падказка выглядала па-дзiцячы наiўнай. – Напэўна, з-за яго чалавек i прыйшоў.

– Не ўмешвайся, – зласлiва буркнуў стары, – дойдзем i да апошняга, трэба па-парадку, органы павiнны ведаць усю карцiну… А даўжэй за ўсiх пратрымаўся з Галькай наш Iван Мiкалаевiч…

«Ну, нарэшце, – узрадавана падумаў Хмара. – Вiдаць, Шапавалава тут добра ведалi i цанiлi, калi называюць поўным iмем».

– Золата, а не чалавек, – iмгненна дала характарыстыку Шапавалаву гаспадыня.

– Што праўда, то праўда, – падтрымаў жонку стары.

– Iван Мiкалаевiч Вам радня? – удакладнiў Хмара, нязмушана падштурхоўваючы размову ў патрэбны накiрунак.

– З чаго Вы ўзялi? – насцярожыўся стары.

– Вы самi сказалi «наш Iван Мiкалаевiч».

Гаспадар на хвiлiну задумаўся, пачмокаў губамi, адсунуў ад сябе кубак з гарбатай.

– Я ў пераносным сэнсе, – стрымана патлумачыў ён i, шукаючы падтрымкi, паглядзеў на жонку.

– Пра Шапавалава ведаем толькi харошае, – знайшлася гаспадыня i таропка выпалiла: – Ён нам як родны сын. І не вiнаваты зусiм Iван Мiкалаевiч. Дый той, другi, таксама не вiнаваты… Справа далiкатная…

– Што тут далiкатнiчаць, праз Гальку мужыкi пабiлiся, яна звяла, – не сцярпеў гаспадар i нечакана папярхнуўся, зайшоўся цяжкiм грудным кашлем.

Фiлiпаўна замiтусiлася, паставiла на стол блакiтную цукарнiцу з трэснутай накрыўкай i з вузкага скасавуранага шкапчыка, якi вiсеў каля акна, дастала бутэлечку з лекамi. Адкруцiла металiчную пробку i напоўнiла яе мутнаватай вадкасцю. Пакой iмгненна запаланiлi прытарныя бальнiчныя пахi. Стары цяжка праглынуў мiкстуру i вачыма, поўнымi слёз, паглядзеў на жонку, махнуў рукой. Фiлiпаўна даволi моцна пачала стукаць яго далонню па спiне. Пасля гэтых няхiтрых i, напэўна, частых аперацый кашаль у старога прапаў гэтак жа хутка, як i пачаўся.

У Хмары часцей застукала сэрца, калi пачуў пра бойку памiж Шапавалавым i, як зразумеў, чарговым палюбоўнiкам Александровiч. Ён з цяжкасцю стрымлiваўся, каб не пачаць задаваць пытаннi, але своечасова спахапiўся, вырашыў даць магчымасць суседзям Александровiч апраўдаць учынак улюбёнца Шапавалава.

– Галька – злыдня, – аддыхаўшыся, працягваў стары. – Пакуль Iван Мiкалаевiч быў у рэйсе, зацягнула ў ложак другога.

– Шапавалаў – мужчына вiдны, а той, другi, – стары, малы, пляшывы… – рэзкавата кiнула, як выплеснула, Фiлiпаўна.

– Во-во, – вышчарыўся гаспадар, – лысы, нягеглы, але ж калi Галька выбрала, напэўна, мае ў штанах.

– Мае, толькi не тое, што думаеш… – прабурчала гаспадыня. – На грошы спакусiлася дурнiца.

– Не памятаеце, калi тое было? – насцярожана ўдакладнiў Хмара i адразу пашкадаваў, што ўставiў свае пяць капеек.

Старыя iмгненна замаўчалi, насупiлiся. Узнiклае напружанне парушаў толькi настырны струменьчык вады, якi весела цурчаў з непрыкрытага крана.

– Цi не ў той дзень мы чакалi тэлемайстра? – першая парушыла маўчанне Фiлiпаўна i няспешна засоўгала нягнуткiмi нагамi ў калiдор. Рыпнулi дзверы, праз хвiлiну голас гаспадынi пачуўся з другога пакоя, але слоў было не разабраць.

– І ўсё ж, дзе мне знайсцi Александровiч? Яна бывае дома? – па-змоўнiцку азiрнуўшыся на дзверы, за якiмi знiкла гаспадыня, спытаў Хмара ў старога.

– Цяперака не знойдзеце, – важна пачмокаў губамi гаспадар. – Той, другi, павёз нашу кралю на нейкiя астравы. На Нары цi што?