Лейтэнант усё зразумеў. Ён падхапiўся, падзякаваў за абед i кiнуўся наўздагон за ўчастковым, але ў сенцах нечакана спынiўся, апошнiя словы Папругi прымусiлi вярнуцца. Даўгалыгi Сiўцоў, сагнуўшыся напалам, не тоячыся ад участковага, выглядваў у акно i, убачыўшы лейтэнанта, разгубiўся:

– Я п-праўда н-нiчога не магу сказаць, – заiкаючыся, прамармытаў ён.

– Калi спатрэбiцца – раскажаце, – сказаў як адрэзаў Хмара i, выцягнуўшы лiст паперы, склаў яго ўдвая, разарваў напалам. Потым прымасцiўся да стала, адсунуў талеркi i штосьцi напiсаў на адным лiстку, потым на другiм.

Усхваляваны Сiўцоў па-гусiнаму цягнуў доўгую шыю, сiлiўся чытаць, што пiша сталiчны следчы.

– Вось, – Хмара паклаў на лiсткi самапiску i выцягнуў з кiшэнi грошы. – Гэта распiска i грошы за абед.

У Сiўцова ажно скiвiца адвiсла, ён за ўсё жыццё не бачыў i не чуў такога.

– Н-не трэба, – толькi i змог выдыхнуць iмгненна працверазелы гаспадар i замахаў рукамi.

– Распiсвайцеся! – узвысiў голас Хмара i паблажлiва дадаў: – Яшчэ як трэба, а апраўданнi пакiньце для Папругi.

– Я хацеў сказаць, што гэта зашмат, – кiўнуў на грошы знiякавелы Сiўцоў i таропка, дрыжачай рукой напiсаў пад сваiм прозвiшчам тры першыя лiтары. Цяпер ён баяўся гэтага лейтэнанта больш за Папругу.

– Вось i добра, – засмяяўся Хмара, – будзем лiчыць, што я паабедаў у рэстаране.

Папруга на ўсялякi выпадак запiсаў нумар «Жыгулёў», на якiх прыехаў сталiчны следчы, i ў чаканнi ўладкаваўся на лаўцы, што тулiлася ля плота. У справе з шафёрам ён, канечне, дапусцiў пэўныя хiбы, але ж у якiх справах iх няма. «Я што – зусiм дурань, каб вешаць на сябе злачынства, якое нiколi не будзе раскрыта? – шукаў апраўдання Папруга. – Шафёр ва ўсiм вiнавацiў сябе. Калi папраўдзе, то i да гэтага часу мне не ўсё зразумела ў той справе, але навошта цiснуць на шафёра? Ён нi на кога не скардзiўся, нiкога не вiнавацiў, а каяўся i прасiўся. Дык што, я павiнен быў прымусiць бедалагу пiсаць заяву аб злачынстве? Яшчэ i невядома, цi было там тое злачынства…»

Калi брамка рыпнула, i на вулiцу таропка выйшаў лейтэнант, Папруга ўжо ведаў, з чаго пачынаць размову са сталiчным шчаўлiкам. Ён быў перакананы ў сваёй праваце, вось толькi прэзерватывы… Калi селi ў машыну, Папруга ўпэўнена прапанаваў:

– Я прапаную пакiнуць усё як ёсць…

– Не разумею, – шчыра здзiвiўся Хмара.

– Вы пацвердзiце вынiкi маёй праверкi – i мы квiты.

– А я нешта Вам вiнен? – зноў здзiвiўся лейтэнант.

– Справа ў тым, што Ваш прыезд не застанецца непрыкмечаным. Пра тое, што Вы прымусiлi Сiўцова ладзiць застолле, я павiнен далажыць свайму начальству. Пiлi гарэлку цi не, я не бачыў, а вось Сiўцоў, канечне, гэта пацвердзiць.

Хмара здагадваўся аб ролi Сiўцовых у хiтрамудрым плане Папругi, прадбачыў магчымыя папрокi з боку ўчастковага, але каб вось так, адразу шантажыраваць… Лейтэнант заглушыў рухавiк i, не хаваючы злосцi, крутнуўся да маёра:

– Вы, Генадзь Барысавiч, – вялiкi iнтрыган, але ў дадзеным выпадку перахiтрылi самога сябе, – Хмара дастаў распiску Сiўцова. – Другi экзэмпляр папрашу прышпiлiць да рапарта, у якiм будзеце паведамляць аб маiм злоўжываннi службовым становiшчам. Бачыце подпiс Сiўцова? Гэты затурканы чалавек узяў з мяне за абед грошы. Думаю, значэнне дакумента тлумачыць не трэба. Цяпер што тычыцца гарэлкi. Абяцаю, як толькi прыеду ў Мiнск, прайду наркалагiчны агляд. Заключэнне абавязкова прышлю цi сам прывязу. А цяпер – асноўнае: Шапавалаў памёр, i ёсць падставы меркаваць, што не сваёй смерцю. Вы юрыст i разумееце, чым рызыкуеце, калi будзеце ўтойваць праўду. Думаю, без службовага разбору ўжо не абысцiся, але Ваш намер i надалей ставiць палкi ў калёсы следству цягне за сабой крымiнальную адказнасць.