Гаварыў Шапавалаў пераканаўча, але ж факт заставаўся фактам: ягоны бацька меў пры сабе немалыя грошы. Цяпер прыйдзецца шукаць адказ i на гэтае пытанне. І зноў лейтэнант узгадаў Галiну Александровiч, ён iнтуiтыўна адчуў, што каханка Шапавалава можа патлумачыць i наяўнасць у нябожчыка валюты.
– Ты ўпэўнены, што менавiта Александровiч прызначыла Iвану Мiкалаевiчу сустрэчу?
– Да iншай не пабег бы…
– Але ж яны разышлiся, – вёў сваё Хмара, – у Александровiч новы ўхажор, i твой бацька не так даўно надаваў яму кухталёў. Табе нешта вядома пра таго чалавека?
– Пра бойку чую ўпершыню, ведаю, што Галiна… – Шапавалаў нечакана папярхнуўся. – Галiна Вiктараўна i бацька разышлiся, а пра заляцаннi гэтай жанчыны пагаварыце з цёткай Марусяй, стрыечнай бацькавай сястрой, яны – даўнiя сяброўкi.
8
Спецыфiчны пах чыгуначных шпалаў i машыннага масла непрыемна заказытаў у носе яшчэ задоўга да таго, як Хмара спусцiўся ў метро. Ён толькi наблiзiўся да вентыляцыйнай шахты, а пах смалы i дзёгцю iмгненна ўзбудзiў памяць, нагадаў дзяцiнства, той час, калi ён з сябрамi, Iванам i Валеркам, «партызанiлi».
Называлася гэта «рабiць налёт на чыгунку». Калi шэнцiла набыць пораху, штукавалi ўзрыўпакеты i клалi iх на блiскучую паверхню чыгуначных рэек. Можна ўявiць, якiя выбухi бударажылi наваколле, асаблiва ўпрыцемках. Здаралася, метраў сто стракаталi «кулямётныя чэргi» пад радасныя крыкi падрыўнiкоў, якiя хавалiся ў недалёкiх кустах. Iхняе партызанства скончылася даволi хутка i, канечне, не без слёз. «Кулямётнымi чэргамi», якiя стракаталi пад коламi цягнiкоў спярша зацiкавiлiся машынiсты, а потым i мiлiцыя.
Злавiлi «падрыўнiкоў», як кажуць, на гарачым, у той самы момант, калi яны з кiшэнямi, набiтымi ўзрыўпакетамi, «мiнiравалi» чыгунку на паваротцы. На гэтым месцы, па iх разуменнi, пасля ўзрываў цягнiк сыходзiць з рэльсаў, а значыць, заданне выканана. Абранага месца не мянялi i гэтым спрасцiлi задачу няголенага шыракатварага мiлiцыянера, якi, зацiснуўшы ў зубах цыгарэту, скалiўся дзвюм маладзенькiм дзяўчаткам з чырвонымi павязкамi на руках. Сяржант загадаў злоўленым «дыверсантам» легчы на шпалы тварамi ўнiз i сашчапiць пальцы на патылiцы. Дружыннiцы рагаталi, смяяўся i мiлiцыянер, якi паабяцаў правучыць прайдзiсветаў.
– Мы iх судзiць не будзем, – нечакана падвёў выснову мiлiцыянер. – Навошта? Яны – дыверсанты, шпiёны, а калi так, то могуць выпадкова ўзарвацца на сваiх мiнах цi трапiць пад колы цягнiка…
Праз колькi хвiлiн прасмаленая дзёгцем шпала, да якой прылiп лоб малога Хмары, пачала рытмiчна ўздрыгваць, рэльсы загулi. Гул вельмi хутка перарос у злавесны, усепаглынальны роў, зямля пад целам закалыхалася, застагнала. Заплакаў, запрасiўся Валерка, адразу ж загаласiў Iван. Сяржант, смеючыся, дазволiў iм пакiнуць месца пакарання. Цягнiк iмклiва наблiжаўся, але дзесяцiгадовы Хмара, сцiнуўшы зубы, маўчаў: ён не хацеў прасiць лiтасцi ў чалавека, якi смяецца з яго, ад якога пахне гарэлкай. Было страшна, але хлопец не хацеў, каб слёзы ўбачылi дзяўчаты ў кароткiх спаднiцах i асаблiва сябры, абраўшыя яго сваiм камандзiрам. Хмара нi на хвiлiну не ўсумнiўся ў намеры сяржанта такiм макарам расправiцца з iм, i тое, што перапужаны мiлiцыянер перад самым цягнiком сiлком сцягнуў яго з рэек, было поўнай нечаканасцю.
З таго дня мiнула больш за пятнаццаць гадоў, але на ўсё жыццё запомнiў Хмара прытарны пах шпалаў, п’янаватага сяржанта з рассечаным левым брывом, безвыходны адчай i радасць пераможцы.
Едучы ў электрычцы, лейтэнант злавiў сябе на думцы, што за апошнi месяц другi раз узгадвае сваю «партызаншчыну». Пры размеркаваннi на працу пасля заканчэння вучобы яму прапанавалi пасаду следчага ў лiнейным аддзеле на чыгуначным транспарце. Канечне, хапае работы i ў цягнiках, але Хмара на пачатку службы не хацеў абмяжоўваць сябе чыгункай i станцыямi. I, напэўна, была яшчэ адна прычына, каб адмовiцца: лейтэнант узгадаў сяржанта з рассечаным брывом… Што, калi давядзецца працаваць разам?