Юрый Люты асцярожна прайшоў уздоўж лесу, баючыся не заўважыць і выпадкова трапіць у глыбокую ўтоеную водную пастку. Перад ім тапталася палка, якая шукала цвёрды і бяспечны шлях. Нарэшце, Юрый дасягнуў сваёй мэты – ён дайшоў да тоўстага дуба, які бедна лёг ля зялёна-шэрага лесу. Старое дрэва ўжо даўно ляжала тут, нават ніхто не мог дакладна сказаць, калі яно ўпала. У вёсцы не засталося тых людзей, якія маглі б пра гэта расказаць. Бабры не дакрануліся да дуба, бо для іх ён быў занадта цвёрдым, куды больш ахвотна і прыемна валяць мяккую асіну, якая расла далей па беразе. Пару паваленых дрэў з вялікімі галінкамі ляжалі ў метрах ста ад дуба, ствалы амаль абмяклі ад вільгаці. Юрый Люты з цяжкасцю падцягнуў рукамі сваё цела і сеў на сухі безжыццёвы дуб спінаю да лесу, тварам да ракі. Тут пахла мокрай зямлёй і сырасцю, часам даносіўся водар хвойнага бору. Адсюль было добра відаць іншы бераг ракі, дзе за рачулкай стаяў толькі сухі рэдкі мячэўнік. Чамусьці там не рос трыснёг, з-за чаго выразна праглядаўся бярозавы пажоўклы гай. Каля берагоў па-ранейшаму радзела белая каламута пара.
Мужчына быў акружаны прахалодай, але ён нібы не адчуваў яе. У душы засталіся цёплыя, яркія ўспаміны гэтага месца, якія з болем грэлі ўсё цела. Юрый выцягнуў чорны фотаапарат з сумкі, злавіў выдатныя пейзажныя вобразы і некалькі разоў шчоўкнуў. Цяпер, калі здымкі былі зробленыя, ён мог спакойна пагрузіцца ў свае думкі. Юрый прылажыў грубыя далоні да дуба і ўспомніў пра жонку. Ларыса любіла гэтае месца і гэтае дрэва. У цёплае надвор'е яна часта прыходзіла сюды пасля вайны. Часта брала Юрыя з сабой, каб ён лячыў сябе ад наступстваў ваенных успамінаў, ад пакутлівых адчуванняў мінулага. Трэба было жыць далей. Побач з Ларысай на гэтым дубе Юрый знаходзіў у сабе бадзёрасць, любоў, клопат, упэўненасць і сілы жыць мірным жыццём. У апошні раз ён быў тут з жонкай некалькі гадоў таму, у восень, падобна гэтаму дню, калі бярозы калыхалі свае жоўтыя пасмы. Юрый трымаў яе далікатныя пальчыкі і гаварыў з ёй пра прыемнае. Незабыўныя ўспаміны былі прыгожымі і плыўнымі, але яны абпальвалі сэрца. Праз столькі гадоў, праз самотнае жыццё, адклікалася жаданне быць побач з ёй, з жонкай. Цяжка было Юрыю, здавалася, што пейзаж ужо не быў такім жывым і сапраўдным: ні рака, ні расліны, ні святло, ні неба – без Ларысы ўсё стала халодным і чужым. Ад набягаючай самоты не хацелася тут больш заставацца. Яму захацелася пакінуць бераг і вярнуцца ў вёску.
Юрый слёз з дрэва і агледзеўся, як быццам на доўгую развітваўся з гэтым месцам. Ён напаследак агледзеў усё сваё асяроддзе. Магчыма, ён яшчэ вернецца сюды зноў. Але калі? Ён не мог адказаць сабе на гэтае пытанне. Незнарок, паварочваючыся, Юрый зірнуў на бярозы, на другі бок ракі і заўважыў там дробны рух. Мужчына спыніўся, выразней зірнуў, прыгледзеўся. З нізкага туману, да адкрытага берага выйшла рудая стройная казуля. Яна падышла да вады, зрабіла пару глыткоў, затым трошкі адышла назад і замерла. Юрый павольна падняў фотаапарат, каб не спужаць прыгожую жывёліну. Казуля вадзіла вушамі, падняла пярэднюю канечнасць, нібы наўмысна пазіравала фатографу, затым паглядзела на мужчыну і тут жа палахліва скакнула ў бел-чорны лес. Юрый яшчэ пару хвілін заставаўся стаяць побач з дубам моўчкі гледзячы наперад, як бы спадзеючыся, што жывёла вернецца.
"Пара дадому!" – падумаў ён і цяжка пакрочыў да дарогі. Калі Юрый дабіраўся да лясной каляіны, ён адчуў раптоўную слабасць і нежаданы сум. Халодныя дрыжыкі прабегліся па ўсім целе як маланка. На секунду ў вачах пацямнела, кіслява запахла новымі алейнымі фарбамі. Юрыю хацелася прыпасці да зямлі, але ён толькі працёр вочы і прымусіў сябе выйсці да лясной дарогі. Такая слабасць здароўя з ім здарылася ўпершыню. Гэта палохала мужчыну, нібы нешта жудаснае гнала яго хутчэй пакінуць бераг. Ён супраціўляўся дрэннаму самаадчуванню і супраціўляўся старасці. Адчуваючы страх і не адчуваючы халодны пот на лбе, Люты дайшоў да дарожнай каляіны і ўвайшоў у лес. І адразу яго неакуратнасць і спешка прывялі да яшчэ большай раздражняльнасці. На час забыўшыся аб мяккай паверхні і слізкай глебе пад нагамі, паспешлівы Юрый страціў раўнавагу і ўсім целам упаў на дол. Гразь пацягнула нагу, цела прызямлілася на бок і на правую руку. Юрый паваліўся на сыры лясны абрус і адчуў ціск і шум у галаве. Ён пацягнуўся да таблетак, якія заўсёды насіў з сабой. Не гледзячы, выціснуў адну таблетку з пласцінкі, закінуў у рот і праглынуў. Мужчына аслабеў, ляжаў, не спяшаўся ўставаць, перастаў сябе падганяць. Ён цяжка глядзеў на воблачнае неба і стройныя зялёныя вяршыні хвой, якія быццам краналіся аблокаў. Хацелася загінуць ад слабасці духу. Нават фантомны боль, што ўдарыў у галаву ў момант падзення, ужо не дастаўляў злосці. Ён аціхне разам з агідным цяжкім галаўным шумам, калі падзейнічае таблетка. Знаходзячыся на зямлі, Юрый глыбока задумаўся. На імгненне яму здалося, што ён чуе далёкія і знаёмыя галасы гармат. Стала немагчымым не ўбачыць успаміны вайны, якія вырваліся з памяці.