– Дай ты ёй бутэльку, няхай нап’ецца ды спіць, – не ўстрымаўся, не паварочваючы галавы, крыкнуў шафёр.
– Правільна, Дзімачка, няхай маё аддасць – і я буду спаць ажно да Берліна.
Атрымаўшы бутэльку, Ірына тут жа яе схавала ў цэлафанавы пакет, але, убачыўшы, што Ашот дастаў яшчэ адну, шампанскае выцягнула і пісклявым голасам пачала кленчыць:
– Ашоцік, міленькі, адкаркуй. У мяне не атрымаецца, стрэліць, і ўсё выльецца, – убачыўшы, што хлопец яе ігнаруе, Ірына рашуча сарвала з бутэлькі бліскучую залацістую фольгу і, хітра пазіраючы на Ашота, прагаварыла: – Шампанскае напаўсухое, ляжала ў цяпле ды яшчэ цэлыя суткі трэслася ў сумцы… Стрэліць, як піць даць стрэліць і ўвесь салон заліе. А на салодкае мух наляціць, вялізных, гнойных, але галоўнае тое, што кожны паліцэйскі будзе чапляцца і прынюхвацца да Дзімкі, на ап’яненне правяраць. Мыць трэба будзе машыну, а на гэта гадзіны дзве часу пойдзе, не менш…
Ашот моўчкі выхапіў з Ірыніных рук бутэльку і, хутка адкруціўшы драцяны хамуток, на нейкі час заціснуў белы корак у далоні. Калі ж прыняў руку, цяпер ужо разам з коркам, над тоўстым рыльцам, невялікім грыбным капялюшыкам, запенілася шампанскае, але ніводнай кроплі долу не адарвалася. Хлопец накінуў на рыльца пластмасавы кілішак, працягнуў бутэльку Ірыне.
– Ірка, табе галаву трэба лячыць, – сказаў ён і зноў вярнуўся да чамадана з закускамі.
Люба палуднавала без усялякага апетыту. Нават некалькі невялікіх глыткоў шампанскага не змаглі не тое што развеяць, нават прыцішыць хваляванне і трывогу, якімі напоўнілася душа яшчэ ў Мінску, калі з ад’язджаючага «рафіка» ў натоўпе на прыпынку ўгледзела цётку Клаву, стрыечную сястру маці. Цётка, калі даведалася, што Люба падпісала кантракт і збіраецца ў Нямеччыну, спярша абрадавалася, але на другі дзень знайшла Любу на працы і пачала ўпрошваць не ехаць. Яна страшыла пляменніцу выпадкамі бясследнага знікнення тых, каго вывозілі, усхвалявана шаптала, што маладых дзяўчат гвалцяць і прадаюць у рабства, а калі расказвала пра тое, што паліцыя часцяком знаходзіць знявечаныя трупы, у якіх адсутнічаюць пэўныя ўнутраныя органы, нават заплакала. Толькі не цётчыны страшылкі парушылі раўнавагу і душэўны спакой, трывожна было ад няведання, што чакае яе ў будучым.
Нечакана машына рэзка ўзяла ўправа, завіскаталі тармазы, некалькі сумак, складзеных у канцы салона адна на адну, ад рэзкага тармажэння зваліліся на падлогу.
За Любінай спінай дзынкнула шкло, і адразу істэрычна залямантавала Ірына:
– Асцярожна, не дровы вязеш… Ледзь бутэльку не разбіла.
– Прыехалі, дзяўчаткі, – заклапочана зірнуўшы ў акно, сказаў Ашот і, кіруючы да выхаду, загадаў: – Сядзіце ціха, як мышы пад венікам, я паспрабую дагаварыцца.
Калі Ашот падышоў да Дзмітрыя, вадзіцель прытрымаў яго за крысо скуранкі і ціха сказаў:
– Не спяшайся, няхай самі падыдуць.
З чорнага трохсотага «Мерседэса», які перагарадзіў ім дарогу і прымусіў з’ехаць на ўзбочыну, выйшлі коратка падстрыжаныя, спартыўнага складу трое хлопцаў і, засунуўшы рукі ў кішэні, няспешна рушылі да «рафіка». Іх адзервянела-зацятыя твары са сківіцамі, якія рытмічна соўгаліся, напэўна, жавалі жвачку, не прадвяшчалі нічога добрага.
– Старыя знаёмыя, – грэбліва ўсміхнуўся Ашот.
– Сёння не праскочылі, – расчаравана ўздыхнуў Дзмітрый.
– Нічога не зробіш, – прачыняючы дзверцы, напружана, з хваляваннем у голасе адказаў Ашот і, саскочыўшы на пыльную ўзбочыну, дадаў: – Раз на раз не прыходзіцца.
– Дзяўчаткі, гэта па нашыя душы, – заявіла Ірына і гучна ікнула. – Толькі яны не душапрыказчыкі, а звычайныя рэкеціры. Рыхтуйце зялёненькія, лепш дробнымі, бо здачы не дачакаецеся. Канечне, Ашот дамовіцца, не ўпершыню, грошыкі ж выграбуць з нашых кішэняў. Ці праўду кажу, Дзмітрый?