Айшэ расплюшчыла вочы і ўбачыла сябе, захутаную ў коўдру, на руках Цімура. Прыціскаючы дзяўчыну да шырокіх грудзей, ён некуды спяшаецца. Наўкол лес, позірк Айшэ чапляецца за тоўстыя ствалы дрэў, за хісткія, шумлівыя кроны, праз якія не могуць прабіцца сонечныя промні. «Я не памерла?..» – здзіўлена, са скрухай думае Айшэ і зноў заплюшчвае вочы. Моцы хоць на нейкае супраціўленне больш не было.
Праз некалькі хвілін Цімур асцярожна апусціў дзяўчыну на зямлю і адкінуў коўдру. Айшэ імгненна, быццам ачуняўшы ад цяжкога сну, падхапілася, падцягнула каленкі і, абхапіўшы іх рукамі, сцялася.
– Прашу, не чапай мяне… – ускрыкнула яна і, убачыўшы за Цімуравай спінай невялікае возера, адчайна дадала: – Не то я ўтаплюся…
– Без тваёй згоды я больш ніколі гэтага рабіць не буду, – сцягваючы кашулю праз галаву, будзённа, як нічога і не адбылося, сказаў Цімур. Потым ён рэзкім рухам разарваў на грудзях майку і кінуў яе пад ногі Айшэ. – Ідзі памыйся, і паедзем дадому…
– Дадому? – перапытала Айшэ і зноў адчула, як цела пакрываецца ліпучым потам.
– Ты ведаеш нашы законы і, канешне, разумееш, што ў Грозны мы вярнуцца не можам. Я не хачу, каб твой бацька, як барану, перарэзаў мне гарляк. Цяпер ты – мая жонка, і гэты факт павінна прызнаць і твая, і мая радня.
– Я ніколі не буду тваёй, лепш смерць!.. – крыкнула Айшэ і, падхапіўшыся на ногі, пабегла да вады.
На гэты раз яна аказалася спрытнейшай. Не паспеў Цімур і вокам міргнуць, як Айшэ з высакаватага берага кінулася ў аслоненае густым кустоўем возера. І зноў няўдача – вады было па калена. Жыватом, грудзьмі яна балюча пляснулася аб мелкаводдзе, хуценька ўстала і толькі наважылася бегчы туды, дзе глыбіня, на сярэдзіну, як за спінай прагучаў зняважліва-цынічны Цімураў голас:
– У гэтым возеры яшчэ ніхто не ўтапіўся, – побач з Айшэ пусціла кругі скручаная матэрыя, і агідны голас раздражнёна дадаў: – Вады па калена аж да супрацьлеглага берага, а наўкол, на дзясяткі кіламетраў, лес…
Два месяцы Айшэ жыла ў гарах, у саклі Цімуравага даўно памерлага прадзеда Рэната. Жыла не адна. Цімур абачліва, яшчэ за тыдзень да спланаванага крадзяжу нявесты, прывёз сюды, акрамя ўсяго неабходнага для жыцця, і старую Камілу, бо вельмі разлічваў на дапамогу прабабкі.
Каб сакля стала сапраўдным жытлом, Каміла да прыезду ўнука, наколькі змагла, яе ўладкавала: кожны дзень паліла камін, дзіркі ў якім, каб не ішоў дым у саклю, сама ж замазала глінай, на невялічкіх вокнах памыла шкло і прыладзіла фіранкі. Для нявесткі выбрала самы светлы куток і адгарадзіла яго тоўстай чырвонай плюшавай занавескай, якую разам з матрацамі і коўдрамі прывёз унук. Акрамя хатняга клопату, Каміла вяла сапраўдную вайну з пацукамі, якія трыццаць гадоў, што пуставала будыніна, відавочна, лічылі яе сваім жытлом. Яны зусім не баяліся сухой згорбленай старой і разбягаліся толькі тады, калі старая шпурляла ў іх ці галяком, ці кавенькай. У ход пайшлі прывезеныя Цімурам і пасткі, і атрута, але Каміла была перакананая, што лепш за ўсё дапамагае багун, якім яна кожны вечар абкладвала і падлогу, і ўсе закуткі. Праўда, да ляска, у якім ён рос, было добрых паўкіламетра, але старая лічыла за радасць пахадзіць па мяккім моху, адчуць асабліва свежы, смалісты лясны водар, і таму яна кожным надвячоркам шкрэбла падэшвамі камяністую сцяжынку, напяваючы старую мелодыю, слоў да якой не памятала і сама.
Каміла сустрэла Айшэ як родную. На ўнука ж пазірала непрыхільна і холадна. Часцяком, асабліва калі тое бачыла Айшэ, трэсла перад Цімуравым тварам маленькім сухім кулачком і незадаволена бурчэла: «Ласкай трэба, а не сілай…»