– Пачакай, – спыніла сяброўку Таня, таму што Даша гатовая была заплакаць, ці то ад дыму, што патрапіў у лёгкія, ці то ад смеху дзяўчат, якіх расссмяшыла неспрактыкаванасць госці, – я пакажу. Глядзі, – узяла яна цыгарэту, – прамаўляеш «Ой, мама!» і адначасова ўдыхаеш. Спрабуй.
Даша зрабіла так, як падказала Таня. Вочы яе адразу павільгатнелі, падлога паплыла. Здавалася, яна знаходзілася на борце нейкай яхты, што калыхалася на хвалях. Стала добра і прыемна. Потым вочы раптам загарэліся, аднекуль з'явіліся бадзёрасць у прыскок з весялосцю, і Даша адчула, што ведае дзяўчат з метадычнага кабінета сто гадоў.
– Ну як? – Таня пацікавілася станам сяброўкі.
– Клёва! – паказала Даша вялікі палец, падняты ўгару, і зацягнулася яшчэ. – А што святкуем? – спытала.
– Нараджэнне новага чалавека, – адказала Юля Перасільд – пякучая брунетка з кароткай стрыжкай, неверагодна пластычная і абаяльная.
– А хто нарадзіўся? – не зразумела Даша.
– Ты, – прагучаў адказ.
– Ды ну вас, – засаромелася Даша. – Гоніце, пэўна.
– Хто гоніць? – запярэчыла Аля. – Гоніць дзед Андрэй сэм у Пацейках.
– Ну дзякуй тады, – не знайшла чаго іншага адказаць Даша. – А як вы тут… Дырэктрыса не заругае? – паказала рукой на стол з алкаголем.
– Не хвалявайся, – запэўніла Юля. – У нас усё чыкі-пукі.
– Калі дзяжурыць Мікалай Міхайлавіч, – сказала Руслана, – дырэктрыса спіць спакойна і ніколі яго не правярае.
– А хто такі Мікалай Міхайлавіч? – не разумела Даша.
– О, Мікалай Міхайлавіч, – падміргнула госці Юля, – гэта Мікалай Міхайлавіч. Адным словам, лапачка.
– Бусечка, – падтрымала Аля.
– Міравы чэл, – дапоўніла Руслана.
– Наш новы рэжысёр, – больш падрабязна растлумачыла Таня. – Малады, параўнальна, жудасна разумны, але афігенна абаяльны. І так нас разумее…
– Так разумее, – падтакнула Юля, – што дазваляе некаторыя непрадугледжаныя, несанкцыянаваныя…
– Язык не зламі, – перабіла сяброўку Руслана.
– Карацей, з ім можна ўсё, – паставіла кропку Аля, – і за ім, як за мурам. Ніколі не здасць і не зробіць балюча. Проста адвал башкі.
– А хіба яшчэ ёсць такія? – не паверыла Даша.
– Трапляюцца, як бачыш, – сказала Руслана.
– Павязе ж камусьці, – дапусціла Таня.
– Галоўнае, каб на сцерву не нарваўся, – заўважыла Юля.
– Добра, давайце вып'ем, – прапанавала Аля. – Хто там за бармэна?… За смелых і сапраўдных!
Дружна выпілі.
Даша раптам пачала задыхацца. Паветра бракавала катастрафічна. Ногі падкошваліся, як саламяныя. У вачах пацямнела. Ярка ўспыхвала і згасала ў іх лямпачка. Шкляначка з віном выпала з рук, добра, што не на падлогу – не запырскала дыван, скрывавіла адно стол з некалькімі паперамі на ім. Ванітны камяк падпаўзаў да горла. Трэба было на вуліцу. Тэрмінова. Аднекуль узяліся сілы, і Даша рванула з месца, дапамагаючы рукамі, шукаючы апоры ў сценах, прэч з будынка. На лесвіцы ледзь не падвярнула нагу, няўдала спатыкнуўшыся. Скацілася б уніз кулём, калі б рукі не ўчапіліся за парэнчы. Вымушаная затрымка справакавала захраслы ў горле ком да дзеяння. Ён нястрымна падкочваў, жадаючы вызваліцца з вязніцы, як лава з вулкана. Заціснуўшы рот далонню, Даша, пахістваючыся, на амаль нягнуткіх нагах, вырвалася з Дому культуры на паветра, як дым з пячной трубы, урэзалася галавой у жывот стаяўшага на яе шляху Хвалея, які вырашыў пакурыць пасля выпітых некалькіх вялікіх глыткоў піва, учапілася, як абцугамі, у яго рукі, каб не паваліцца. Тут жа яе званітавала проста на ногі Хвалея, які абуў зусім новыя, ні разу не надзяваныя берцы.
– Белая! Тварына! – загарлапаніў Хвалей, быццам яго рэзалі, да слёз амаль ад крыўды за сябе. – Прыбярыце яе ад мяне! Ты чо творыш, пудзіла?! – ударыў дзяўчыну па руках тыльнымі бакамі далоняў і па галаве, спрабуючы пазбавіцца ад павіслай на ім, як на слупе, аднакласніцы.