Першабытныя людзі засялялі новыя землі, рухаючыся ўздоўж рэк, паволі засялілі ўсю цяперашнюю тэрыторыю нашай краіны. Яны жылі ў паўзямлянках радавымі абшчынамі, займаліся паляваньнем, рыбалоўствам ды зьбіральніцтвам. Аснову абшчыны, якая налічвала 25—30 чалавек складалі родзічы па маці, таму гэты пэрыяд гісторыі называецца матрыярхатам. З родавых абшчын з цягам часу ўтварылася племя. Колькасьць насельніцтва ў сёньняшніх межах Беларусі магло быць каля 6000 чалавек.

Той час называюць каменным векам па матэрыялу прыладаў працы. Прыблізна 4 тысячы гадоў да нашай эры ў жыцьці першабытных людзей адбыліся вельмі важныя зьмены, або, як іх называюць, тэхналягічная рэвалюцыя: чалавек авалодаў новай тэхнікай апрацоўкі крэмню, пачаў шліфаваць прылады працы, навучыўся вырабляць гліняны посуд, вынайшаў лук і стрэлы, ткацтва. Дзякуючы гэтаму людзі сталі пераходзіць да аселага ладу жыцьця, асвойваць земляробства ды жывёлагадоўлю.

У найбольш зручных для жыльля мясьцінах рабілі свае паселішчы некаторыя абшчыны, ствараючы гнёзды, што добра відаць на карце стаянак каменна – бронзавых вякоў, выяўленых ля Песак, Мастоў, Дубна, Луна, на Нёмні, Шчары, Росі і Зяльвянцы.


Стаянкі каменнага і бронзавага вякоў


Паляваньне ажыцьцяўлялася разнастайнымі спосабамі. Рабілі аблавы з выкарыстаньнем агню і ям, высочваньнем з выкарыстаньнем масак. Але найбольш вытрымкі, сілы і выносьлівасьці патрабаваў гон —пераследаваньне жывёлы да яе зьнясіленьня. Для такога паляваньня зімой выкарыстоўваліся лыжы. Лукі рабілі з вяза, дуба, цеціва была даўжынёй 150—180 см. Стрэлы былі драўляныя або трысьняговыя, з крамянёвым наканечнікам, даўжынёй 70—90 см. Чалавек прыручыў сабаку і меў дамашнюю жывёлу: сьвіней, авечак, коз, коней. Незвычайна вялікую ролю ў жыцьці першабытнага чалавека адыграў крэмень, пра які Вольга Іпатава піша, як пра жывую істоту: «агонь у жылах крэмню».

Усё найбольш дасканалыя прылады працы першабытныя людзі рабілі з крэмню, які зьбіралі спачатку на паверхні, а потым сталі здабываць у шахце, бо на паверхні не было камянёў вялікіх памераў 30—40 см у папярочніку для вырабу сярпоў, сякер і іншых вялікіх памераў прылад.

Такія шахты былі па суседзтву з Лунай па сярэднім цячэньні Росі, каля пасёлку Краснасельскі.


Краснасельскія шахты


Для здабычы крэмню ў крэйдавай тоўшчы спачатку выкопвалі калодзеж – ствол дыямэтрам да 1,5 м і глыбінёй у залежнасьці ад заляганьня крэмню ад 2 да 8 м. Далей рабіліся падбоі да 1 мэтра даўжынёй. Даўжэйшыя не рабілі, каб пазьбегнуць абвалу. Разумней было выкапаць побач новую шахту. Выпрацаваныя шахты засыпалі друзам з суседніх шахтаў, застаўляючы месцы для майстэрні па апрацоўцы крэмню. На крэйдавых радовішчах Росі знаходзілася некалькі тысяч шахтаў. Тут была выраблена незьлічоная колькасьць крамянёвых вырабаў, найважнейшымі з якіх былі сякеры. Вырабы распаўсюджваліся на ўсё Панямоньне і па-за яго межамі. Такія сякеры знойдзены і ў Луна і знаходзяцца ў школьным музэі. Краснасельскія шахты, крэмнеапрацоўчыя майстэрні, паселішчы шахцёраў і майстроў, суседзкія стаянкі ўтварылі ідэальны комплекс, які існаваў некалькі тысяч гадоў, бо каменнымі сякерамі карысталіся нават у жалезным веку. Дзівіць сучасьнікаў, як правільна былі сканструяваны шахты, прадуманы спосаб здабычы крэмню, дасканаласьць шахцёрскага інструмэнту, некаторыя захаваліся да нашага часу, Якасьць яго гаворыць аб вельмі высокім узроўні першабытнай вытворчасьці, у якой існаваў прафэсійны падзел працы шахцёраў, майстроў па апрацоўцы крэмню і мянял, якія мянялі вырабы з крэмню на нешта іншае.


Крамянёвыя сякеры на стэндзе музэю Луненскай школы