Міхал Антоні Сапега (1711—1760). Партрэт сярэдзіны 18 ст. Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі, Мн., 2006, т.6, с.227
Міхал Антоні атрымаў Эўрапейскую адукацыю, а пасьля сьмерці братоў Казіміра і Язэпа, вялікую спадчыну: Стары і Новы Быхаў, Баўкладава, Даболшча, Багуславічы, Яўсевічы, Сялец, Дзярэчын, Галынка, Вострава, Зэльва, Чарлёна, Луна, Лаўна. Яму належаў палац у Ружанах, маёнткі ў Жмудзі і Польшчы. У 1741 г. разам са сваёй жонкай Кацярынай з Сапегаў выдзеліў сродкі на існаваньне Базыльянскага манастыра і царквы ў Чарлёне. Манастыру прыдавалася «вёска Казакоўцы з усімі лясамі, лугамі, агародамі, глебай і падданымі». Новыя сродкі былі выдзелены 27 жніўня 1751 г., але пры ўмове, што манахаў павінна быць не чатыры, а пяць.
Міхал Антоні атрымаў тытул падканцлера ВКЛ, у 1744 г. узнагароджаны ордэнам Белага Арла, але расчараваўся ў дзяржаўнай службе і выйшаў у адстаўку. У 1753 г. надрукаваў кнігу твораў Вальтэра, якую сам пераклаў. У Дзярэчыне застаўся, але перароблены ў царкву, фундаваны князем касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыіі. 11 верасьня 1760 г. Міхал Антоній памёр у Слоніме не аставіўшы нашчадкаў.
У завяшчаньні Міхал Антоні распараджаўся Чарлёнай, Лаўна, Луна, Сямаскаўшчынай, Воляй і г.д. (цяжка сказаць ці пад Луна і Воляй разумеюцца розныя маёнткі ці адзін і той жа). Паколькі сваіх дзяцей не меў, спадкаемцам Чарлёны, Лаўна і Луна (Волі) стаў сын брата Казіміра Леона Міхал Ксаверы.
Сапега Міхал Ксаверы (1735—1766). https://pl.wikipedia.org/wiki/Micha%C5%82_Ksawery_Sapieha
Гаспадарку Сапегі вялі з пераменным посьпехам, хоць укладалі ў яе шмат таленту і намаганьняў. Часта прыходзілася закладаць частку ўладаньняў, выкупляць і зноў закладаць…
Сапега Міхал Ксаверы (1735—1766), які атрымаў у спадчыну валоданьні дзядзькі Міхала Антонія, памёр 24 лістапада 1766 г. у Беластоку. Яго пахавалі ў картузаў у Бярозе. Сваёй сям’і ён не меў і землі перайшлі да брата Аляксандра Міхала, які стаў наступным уладальнікам Луна (Волі). Аляксандр Міхал Сапега (1730—1793) канцлер ВКЛ, жанаты на Магдалене Агнешцы з роду Любамірскіх. Аляксандр Міхал распачынае актыўную гаспадарчую дзейнасьць у Дзярэчыне. Пры ім зьяўілася ў яго ўладаньнях бульба, якая з цягам часу стала гаспадыняй стала. На Шчары А. М. Сапега збудаваў паселішча Воля з прыстаньню. Цікава, што і Луненскія ўладаньні Сапегаў называліся Воля, і тут у Луне, Каўшах, Чарлёне, былі прыстані. Гандлёвыя флятыліі курсавалі ад Шчары да Караляўца. З Балтыкі прывозілі заморскія тавары: соль, жалеза, францускае віно, ды ангельскае піва, шкло і посуд і, нават «арфы» ці «млыны для ачысткі зерня». У Каралявец па Нёмне плыло жыта, пшаніца, пянька, пакульля, рагозы, футры, воск, скуры, драўніна, попел…
Аляксандр Міхал Сапега (1730—1793). Партрэт сярэдзіны 18 ст. Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі, Мн., 2006, т.6, с.227
Аляксандру Міхаілу Сапегу належалі многія паселішчы на вялікіх абшарах цяперашняй Беларусі, Польшчы ды Украіны. Але аблюбаваў ён для сваёй рэзыдэнцыі на жаль не Луна, а суседні Дзярэчын. Хаця ж Луненскія мясьціны не ўступаюць, а, на мой погляд, прыгажэйшы за Дзярэчынскія, не гаворачы, што ў Дзярэчыне няма Нёмна. У 1760—1770 гг. Аляксандр Міхал найбольш увагі аддае Дзярэчыну і будуе тут 1765 г. тэатар, а ў 1768 г. Вайсковую акадэмію для 30 сыноў вышэйшых дзяржаўцаў ВКЛ. У 1786 г. саксонец Я. С. Бэкер разам з мясцовым архітэктарам Лаўрынам Гуцэвічам будуюць палац, варты рэзыдэнцыі Сапегаў. Палац упрыгожваў картуш з гербам роду Сапегаў з выявай сьвятой для ўсіх беларусаў «Пагоні». Разам з Дзярэчынам у 18 ст. праслаўляецца на ўсю Эўропу сваімі кірмашамі невялікая дагэтуль мястэчка Зэльва. У 1720 г. Антоній Казімер Сапега атрымаў Каралеўскі прывілей на правядзеньне ў мястэчку штогадовых «ярмонок ілі торгов».