Шлях з «Варагаў у грэкі» па Нёмне. Малюнак В. Сташчанюка. Кісялёў У. М. Пуцявінамі Наднямоньня. Мн.: Полымя, 1994. Стар.113
Але вернемся ў 16 ст., зь якога аб Луне засталіся канкрэтныя зьвесткі.
У артыкуле глыбокапаважанага пана Вітольда Карпызы «Восемдзесят гадоў пазьней» («Мagazyn Polski» №2—3, 1992г.) разьмешчана «Штабоўка ваколіц Росі», на якой каля мястэчка Луна знаходзіцца населены пункт Воля. Воляй няволяй пачаўся пошук зьвестак пра Луненскую Волю. На жаль ні ў кнізе «Памяць» Мастоўскага раёна ні ў Беларускіх Энцыкляпэдыях (ці не сымбалічна?) Волі няма. Толькі ў Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы «воля» мае аж восем значэньняў. Знайшлося і патрэбнае: воля – свабода, незалежнасьць. Прышлося зьвярнуцца да польскіх крыніц. У «Слоўніку геаграфічным каралеўства польскага і другіх краін славянскіх з 1880 г.» паселішчам з назвай Воля прысьвечана 46 старонак, на якіх даюцца кароткія зьвесткі аб больш чым 900 такіх мясьцінах на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. З іх толькі 22 разьмешчаны на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Праўда, кажуць, што ва ўсходняй частцы Беларусі паселішчы такога тыпу называлі «слабада», але і слабод у нас зусім не багата.
Луна і Воля на расейскай карце 1910 г.
Воля (libera villa, libertas). Пачынаючы з 13 ст. каб загаспадараваць незаселеную (пустую, пусташ) зямлю ўладальнік (князь, рыцар, духавенства) запрашаў вольных людзей, нават іншаземцаў, каб яны сяліліся і гаспадарылі на яго зямлі на льготных умовах. Пасяленцам (каляністам) даваліся надзелы зямлі з звальненьнем да 20 гадоў ад усялякіх чыншаў, аплат і падаткаў. Пры гэтым часта давалася права на самакіраваньне ці магдэбурскае права. Чым не свабодная эканамічная зона? Такім мясьцінам давалі назву Воля, часта з дадаткам ад назвы бліжэйшага мястэчка ці іншым дадаткам, напрыклад, Воля Красная, або Воля Вялікая, заложаная Сапегамі на Шчары… Росквіт Воляў прыйшоўся на 14 ст. з паступовым распаўсюджваньне на ўсход, што дыктавалася палітычным і эканамічным станам у Эўропе.
Vola Warszowiensis
Сярод шматлікіх «воляў» непасрэднае дачыненьне да нашай гісторыі мае Вялікая Воля – вёска і прадмесьце Варшавы (Vola Warszowiensis). Тут на роўным сухім узвышшы, пануючым над Варшавай, адбываліся выбары караля Польшчы (значыць і Вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага) ад Стэфана Баторыя (1575г.) пачаўшы. Месца выбараў было аточана ровам і валам. У сярэдзіну вялі тры брамы, прызначаныя для ўезду прадстаўнікоў Вялікапольшчы, Малапольшчы і Літвы. Для сэнатараў будавалася драўляная павець. Вакол павеці разьмяшчалася кола рыцарскае і паслы. Шляхта, якая прыбывала з добрай волі, мела вызначанае праз маршалка месца ў пэўным аддаленьні і групавалася паводле ваяводзтваў. Абоз разьмяшчаўся па-за валам у намётах. Нярэдка падчас выбараў адбываліся бойкі. У 1587г. падпалілі павець, у 1669 г. стралялі ў сэнатараў… Астатнімі былі выбары ў 1764г. Станіслава Аўгуста. Пазьней тут адбываліся знакавыя бітвы: у час паўстаньня 1794 г. з Прусакамі, у 1831г. з маскалямі. Пашырэньне Варшавы зрабіла з Волі прадмесьце, улюбёнае млынарамі, бо ўзвышша спрыяла працы ветракоў.
Сойм элекцыйны ў Вялікай Волі
У 1831г. Вялікую Волю абараняла 1200 паўстанцаў пад камандай генэрала Іосіфа Савіньскага, вэтэрана без нагі, якую згубіў у вайну 1812г. Якраз на Волю рушылі галоўныя сілы Расейскага войска, На шанцы №54, калі абаронцаў амаль ня стала, а маскалі радаваліся перамозе, нехта з патрыётаў узарваў парахавы склад і ўсё ўзьляцела ў паветра. Шанец №57 абараняла каля сотні паўстанцаў. Толькі, калі іх засталося чатыры, вораг сьвяткаваў перамогу. Апошнія абаронцы Волі на чале з генэралам І. Савіньскім зачыніліся ў касьцёліку. Генэрал без сіл сеў каля алтара і сказаў: «Жаўнеры, я буду апошнім». Маскалі ўварваліся ў касьцёлік і ўсіх закалолі штыкамі. Пасьля ўтраты Волі шансаў утрымаць Варшаву не было. Паўстаньне пала.