Три с лишком столетия множество людей пытались разобраться в этой исторической загадке. Однако и на сегодня все точки над «i» расставить не получилось. Так что, вооружившись представленной здесь информацией, вы сможете заняться расследованием самостоятельно.

Л. М. Дроздов

Слова ад суаўтара

Человека, человека давайте мне!

Гончаров. «Обломов»

У сумнай гісторыі жыцця і смерці Казіміра Лышчынскага ўсё проста і зразумела толькі на першы погляд: жыў-быў шляхціч сярэдняе рукі, пазычыў грошы суседу, а той замест каб аддаць з падзякай, напісаў данос, абвінаваціўшы крэдытора ў атэізме. На двары канец XVII стагоддзя, абвінавачаны трапляе ў вязніцу, а пасля – на вогнішча разам са сваім атэістычным трактатам, ад якога толькі й засталося, што быў ён вельмі атэістычны.

Чытаючы шматлікія, чаго тут хаваць, артыкулы, кнігі і дакументы, датычныя Казіміра Лышчынскага, немагчыма адпрэчыць адчуванне, што гэта сцэнар вострасюжэтнага серыяла «Юрыст, спалены на вогнішчы» ў стылі unreliable narrator, бліскуча рэалізаваны Уілкі Колінзам у класічным «Месячным камені». Упэўненыя галасы ненадзейных або недасведчаных сведкаў ткуць супярэчлівую і шмат у чым непераканаўчую гісторыю. Што там казаць, гісторыю, у якую амаль немагчыма паверыць, калі б не надавала ёй незваротную сапраўднасць жудасная сцэна смяротнага пакарання: чалавеку адсякаюць галаву, цела спальваюць, а попелам страляюць з гарматы.

Глыбейшае знаёмства з гісторыяй Казіміра Лышчынскага здзіўляе, з аднаго боку, колькасцю пытанняў, якія дагэтуль застаюцца без адказу, а з другога – колькасцю дакументаў, якія патэнцыйна могуць гэтыя адказы прапанаваць, але дзесяцігоддзі ляжаць у архівах некранутымі. Тым больш, што дзякуючы сучасным тэхналогіям шмат якія рэдкія выданні і нават архіўныя матар’ялы можна атрымаць праз інтэрнэт малым коштам і не злазячы з канапы.

Уражваюць, не заўсёды прыемна, яскравыя характары. Вось інтэлектуал Лышчынскі, седзячы ў сваіх Лышчыцах, выпісвае ў таемны сшытак «чалавек есть творцам Бога». Вось Пётр Станіслаў Грэк адчайна шукае шляхоў заняць добрую пасаду ў берасцейскім ваяводстве. Вось Людвік Пацей бароніць на варшаўскім сойме свайго калегу і земляка Лышчынскага, але ў нейкі момант адыходзіць у цень – каб праз некалькі год зрабіць фантастычную кар’еру аж да найвышэйшай у Вялікім княстве пасады ваяводы віленскага. А вось Анжэй Хрызастом Залускі, біскуп, лацініст, палітык і садыст у адной асобе, нават пасля смерці Лышчынскага не можа супакоіцца і распісвае на паперы тыя пакуты і здзекі, якія, на шчасце, у самых варварскіх сваіх падрабязнасцях не адпавядаюць рэчаіснасці. Вось і папскі нунцый Якуб Кантэльмі, які шкадуе, што не атрымалася ўжыць да абвінавачанага «належныя» па стандартах інквізіцыі катаванні.

З расправы над брэсцкім падсудкам паўстала і паўстае дагэтуль шмат пытанняў. Часткаю – да ягоных сучаснікаў, але немалая доля – да даследчыкаў двух апошніх стагоддзяў. Можна зразумець, чаму савецкіх філосафаў (у большай ступені) і гісторыкаў (у значна меншай) надта ж цікавіў атэістычны трактат Лышчынскага, але падрабязнасці жыцця прадстаўніка паноўнага класу шляхты Рэчы Паспалітай былі забароненай тэмай. Нашмат цяжэй уцяміць, чаму асоба Лышчынскага, гісторыя яго роду, абставіны яго жыцця і дзейнасці на ніве асветы, палітыкі, правасуддзя, нарэшце, гісторыя яго міфа застаюцца ў значнай ступені па-за ўвагаю сучасных беларускіх гісторыкаў, нягледзячы на відавочную патрэбу ў пераасэнсаванні ранейшых ацэнак.

Прыкладам, даследчыкі дзесяцігоддзямі прастадушна пішуць пра пазыку ў сто тысяч талераў – грошы, ад якіх не тое што ў князя, але ў караля вочы загарэліся б. І гэта сярэдняе рукі шляхціч пазычае суседу? Адкуль такія капіталы і навошта яны Яну Казіміру Бжоску, які, мяркуючы па сціплых пра яго звестках, не будаваў над Мухаўцом другі Вэрсаль і не ладзіў экспедыцыю для захопу Стамбула?