Тэлефон у вітальні непрыемным і быццам нязвычна гучным віскатам перацягнуў увагу на сябе, але ніхто з трох прадстаўніц розных пакаленняў жанчын не зварухнуўся з месца.
6. Май 1937 года. Горад Кранштат. РСФСР
– Сёння я з цябе грошай не вазьму, – сказала Беркуту чорнавалосая кудзерыстая маладая жанчына, устала з ложка, падхапіла няўлоўным рухам танклявай амаль празрыстай рукі на яркім сонцы, што ўсміхалася за акном, здавалася, тварыкам гарэзлівай дзяўчынкі, лёгкі сітцавы бэзавы халацік, накінула яго на сябе, і ён быццам ператварыўся ў другую скуру на ейным целе – прывабным, нават бездакорным на думку Беркута, целе, якое зусім нядаўна цалкам належала яму. – Але толькі сёння, – дадала дзяўчына, запахнула халат і села да трумо, каб ускудлачаныя пасля бяссонай ночы, праведзенай разам з Беркутам, валасы прывесці ў больш-менш боскі выгляд, бо ненавідзела, калі яны тырчалі ў розныя бакі, што здаралася даволі часта зранку. Беркут, не ўстаючы з ложка, пазіраў на спіну дзяўчыны, на яе дзівосны выгін шыі, адкрыты яго позірку з-за паднятых угару валасоў, паднятых на імгенне з асдмысловым нібыта разлікам, каб падражніць і зноў схаваць пад сабой прыгажосць ці, хутчэй, мастацтва прыроднай лепкі.
Міжвольна Беркутава рука пацягнулася па папяросы, выцягнула адну разам з запалкамі. Беркут закурыў.
– Не куры тут! – Яна не азірнулася на яго, бо бачыла ў люстэркавым адлюстраванні, не загадала, але прамовіла так, што Беркут падпарадкаваўся.
– Прабач, – адгукнуўся і пальцамі патушыў папяросу ды паклаў яе на крэсла са сваімі рэчамі на ім, перавешанымі з акна, побач з ложкам. Курыць ён пачаў нядаўна, хутчэй дзеля таго, каб выглядаць дарослым, чым дзеля задавальнення, да таго ж на курсе рэдкі курсант не курыў і Беркут не хацеў, каб яны лічылі яго белай варонай. Зразумела, бацька б не ўхваліў з’яўленне ў сына шкоднай звычкі, хоць сам смаліў цыгаркі адну за адной, ды не абы з чаго, з самасаду. Ён па-ранейшаму старшынстваваў у калгасе і вельмі неахвотна адпусціў адзінага наследніка вучыцца за свет. Не адразу, але зразумеў Беркутава трызненне морам. Напэўна, і дзед паўплываў таксама. Таму пасля заканчэння хлопцам восьмага класа неяк раз выклікаў да сябе ў кантору, афіцыйна і як не роднага, паведаміў, што праз раён і праз вобласць калгас дамовіўся з Вышэйшай ваенна-марской вучэльняй у Кранштаце аб залічэнні яго на першы курс без іспытаў, па адных адзнаках у школьным пасведчанні аб паспяховасці. Хутчэй за ўсё бацька злукавіў пра пасведчанне, бо сын яго не надта мог пахваліцца паспяховасцю ў вучобе, хоць асабліва і не адставаў ад выдатнікаў, дый паводзінамі ўзорнымі не вылучаўся. Беркут рос даволі хуліганістым, магчыма, у знак пратэста бацьку, якога паўсюль прыводзілі ў прыклад як адданага партыйца і кіраўніка, чый непахісны аўтарытэт ціснуў і гнуў да зямлі не аднаго Беркута. Менавіта аўтарытэтам ён і дамогся сынавага залічэння без іспытаў у тую самую вучэльню, куды юнак і прагнуў патрапіць. У любым выпадку Беркут паступаў бы ў Кранштат. Бацька яго апярэдзіў і прыемна здзівіў. Адзінае, што не спадабалася Беркуту, – гэта афіцыёз, але ён разумеў, што інакш бацька не мог. Бацька нават паехаў разам з сынам у той Кранштат, каб і сябе паказаць, і малога ўладкаваць як след, чаго Беркут, шчыра кажучы, не чакаў. Не чакаў пабачыць старога інакшым, чалавечным, добразычлівым, нават сентыментальным і расчуленым. Зазвычай бацька быў зусім не такім: суворым, напятым, як струна, нервовым і раздражнёным, гучным і бескампрамісным у аднойчы прынятым рашэнні. На чужой тэрыторыі, у незнаёмай мясцовасці не, ён не выглядаў разгубленым ці дэзарыентаваным, хутчэй клапатлівым, засяроджаным выключна на добраўладкаванні сына. З рэктарам і выкладчыкамі размаўляў зацікаўлена і паважаліва, тыя таксама ставіліся да яго з вялікай павагай. Аднак Кранштат яму не спадабаўся. Яму ўвогуле не падабалася марское паветра і ўсё, што было павязана з вадой. З першай хвіліны свайго жыцця да апошняга ўздыха бацька заставаўся казаком, няхай чырвоным, але казаком, чыёй стыхіяй з’яўляліся стэпавыя, палявыя і лясныя абшары. Беркут не ведаў (праз некаторы час яму прагаворыцца дзед), што бацька марыў жыць зусім іншым жыццём і ў зусім іншых часах, не ў тых, у якія выпала доляй. У снах ён бачыў сябе паплечнікам Багдана Хмяльніцкага, а то і самім Захарам Беркутам, чыім прамым нашчадкам з’яўляўся не па чутках і неаднаразова падкрэсліваў гэта ў нешматлікіх размовах з сынам. На жаль, сны свае ён ненавідзеў, бо тыя заставаліся ўсяго снамі, і распавядаў пра іх дзеду з лютай злосцю, аднак той бачыў, што непахісны старшыня без роздумаў і ваганняў памяняўся б месцамі з любым, калі б узнікла такая магчымасць, абы апынуцца хоць на гадзінку поруч з Хмяльніцкім на яве, а не ў хворым трызненні, як называў свае сны.