– Што? – незадаволена выключыла Наташка магнітафон, але без агрэсіі ў голасе.
– Пятровіча завезлі ў бальніцу на хуткай, – паведаміла тады Ларыса. – Мішка тэлефанаваў, прасіў пасядзець з бабай Дусяй, яна там зусім адна. І, напэўна, наўрад ці ведае, што здарылася.
– А ты? – напружылася Наташка. Яна любіла дзеда і чамусьці не сумнявалася ў тым, што з ім ніколі нічога дрэннага не здарыцца, такім упэўненым і непахісным волатам ён выглядаў у яе вачах. Мацярыны словы не маглі быць праўдай, толькі не з дзедам!..
– Што я? – не зразумела пытання дачкі Ларыса.
– Ты ведаеш? – удакладніла Наташка.
– Нічога і я не ведаю, – расчаравала яе маці. – Вось кажу табе як ёсць.
– Тады хадзем хутчэй, – ускочыла з ложка дзяўчына. – Бабулі сапраўды патрэбна наша падтрымка. Толькі, – задумалася на імгненне, – захаплю тое-сёе з сабой.
Яна адчыніла кніжную шафу, прысела на кукішкі, пацягнулася за нечым аберуч пад самую ніжнюю паліцу і неўзабаве выпрасталася, трымаючы ў руках важкі скрутак з поліэтыленавымі пакетамі, якія збірала ў якасці хобі. Хтосьці збіраў маркі або значкі, або паштоўкі ці календарыкі, або машынкі ці фігуркі салдацікаў, або партрэты артыстаў кіно ды эстрады, а Наташка захаплялася пакетамі, якімі, звычайна, ніколі не карысталася па прызначэнні. У яе калекцыі іх ужо налічвалася амаль сто, большасць з выявамі Пугачовай, Ратару, Баярскага і Лявонцьева, а таксама з кошачкамі, сабачкамі, прадстаўнікамі дзікай флоры і фаўны ды дзіснэеўскіх мульцікаў. Рэдка каму Наташка паказвала сваю калекцыю, нават маці не заўсёды, але бабуля павінна ведаць пра захапленне ўнучкі. Дзяўчына спадзявалася, што бабулю хоць ненадоўга пакіне неспакой пра дзеда, пакуль яна будзе разглядаць пакеты. Да таго ж зразумее не зусім прыгожыя ўнучкіны ўчынкі, павязаныя з крадзяжом грошай з бабулінага гаманца (мініпадробкі пад рыдыкюльчык), што нязменна знаходзіўся ў шафцы пад тэлевізарам. Да гэтага моманту Наташцы ніколі не было сорамна за выцягнуты рубель ці два ў давесак да абазначанай сумы на хлеб, малако і бліны, па якія нярэдка хадзіла для бабулі. Больш за тое, падобныя паходы ў краму лічыла сваім абавязкам. Яна не думала, што бабуля заўважае знікненне большай за агавораную суму грошай, бо тая ніколі не папракнула яе, адно зараз дапетрыла, што сорамна было бабулі назваць унучку злодзейкай. Немалую колькасць пакетаў Наташка набыла за тыя скрадзеныя ў бабулі грошы, яна пакажа старой калекцыю ў апраўданне сябе і, калі трэба, выбачыцца. Выпадак якраз спрыяў.
– Ты сур’ёзна? – не ацаніла Ларыса доччынага імпэту ў дачыненні да яе калекцыі.
– Вядома, – безапеляцыйным тонам адгукнулася Наташка і накіравалася з пакоя ў вітальню.
– Знайшла час выхваляцца незразумела чым, – усё ж упікнула Ларыса дзяўчыну.
– Паглядзім, – абязбройвальна ўсміхнулася ёй дачка.
Яны выйшлі на цёмную вуліцу. Ад бабулінага пад’езда іх падзяляў усяго адзін пад’езд. Двор за жалезнай зялёнай, аде дзе-нідзе з аблупленай ад фарбы ў шэрых плямах трубой звычна гуў дзіцячым і падлеткавым рознагалоссем. Змрокі зімоваю парой, звычайна, накрывалі горад рана, што не азначала, аднак, яго замірання і паглыблення ў спячку, як мядзведзя. Дзятва не прызнавала панавання цемры, да таго ж яна і не была абсалютам. Амаль ва ўсіх вокнах гарэла святло дый ліхтары, якім не паспелі яшчэ разбіць вочы каменнай атакай у гульні на меткасць, там-сям распырсквалі святло, быццам палівалі ім з лейкі кветкі. Зузім нядаўна і Наташка гойсала ў двары да позняй гадзіны, цяпер яна таксама дамоў не вельмі спяшаецца, але ўжо па іншых прычынах. Яна вучылася ўжо ў дзявятым класе, зазіралася на хлопцаў, а тыя позіркі, як алоўкі, ламалі аб яе прыгажосць і нават біліся. Такія смешныя, хто патлаты, хто з іракезам на галаве, хто лысы, але надзвычай цікавыя. Таму яна разумела маму і тых мужчын, якія хадзілі да яе. Некаторыя часам заставаліся на ноч. Наташка не асуджала Ларысу, ніводным словам не папракнула напамінам пра тату. Жывое – жывым. І, калі гэтак цягне мужчын да жанчын і наадварот, то што ў гэтым дрэннага?..