Старажытныя гандлёвыя шляхі. Счэпка «Шлях з варагаў у грэкі». Высадка скандынаўскіх маракоў. Славяне на баявой ладзьдзі. Сумесны выпуск Украіны і Эстоніі ў 2003
На верхняй марцы манэта дацкага караля Свэнда Эстрыдсена, а ў нізе маркі надпіс «Полоцьк». На ніжняй марцы срэбная манэта князя Уладзіміра Сьвятаслававіча.
Апісаньне маршруту ёсьць у «Аповесьці часовых гадоў» і ў творы бізантыйскага імпэратара Канстанціна VII Чырвонага «De administrando imperio» («Аб кіраваньні імпэрыяй»; складзена ў 943—953). Узьнік у канцы IX – пачатку X стагодзьдзяў, заняпаў у 1204, пасьля разбурэньня крыжакамі Канстантынопалю, у выніку чаго цэнтар сьветавога гандлю перамясьціўся ў Вэнэцыянскую рэспубліку, што вядзе да яе росквіту і страты Кіевам і Полацкам свайго стратэгічнага значэньня. Купцы, якія дабіраліся ў Канстантынопаль за 40—50 дзён, везьлі ў Бізантыю хлеб, рамёствы, срэбра ў манэтах, рабоў, футра, мёд, воск, а таксама тавары са Скандынавіі і Прыбалтыкі (зброю, бурштын). З поўдня па Дняпры везьлі віно, спэцыі, садавіну, дарагія тканіны, ювэлірныя вырабы, шкляны посуд. Дарэчы, нашы продкі пісалі і на васковых таблічках.
Байдак. Казацкая «Чайка». Маркі пошты Украіны, выдадзеныя ў 1999
Бізантыйскі імпэратар Канстанцін Багрянародны (905—959) расказвае: «Славяне, падуладныя Русі, імёны крывічы і лучаны, а іншыя славяне сякуць дрэвы на лодкі ў зімовы пэрыяд, апрацоўваюць іх, а калі надыходзіць час, калі растане лёд, апускаюць у бліжэйшыя азёры. І як толькі іх спускаюць у Дняпро, яны ідуць па гэтай рацэ, прыходзяць у Кіеў…».
Цікава, ці могуць маркі расказаць, што адбывалася вакол нас ў сьветавой гісторыі?
P.S. Падарожжа ў сьветавую гісторыю
Мэсапатамія – калыска чалавецтва
Ужо з пачатку 4 тысячагодзьдзя да Р.Х. на землях Мэсапатаміі (Міжрэчча) узьнікла калыска, асяродак найбольш старажытнай цывілізацыі. Культура Мэсапатаміі прынесла чалавецтву пісьменнасьць, заканадаўства, эпічную паэзію, кола… Тут у Мэсапатаміі магчыма быў райскі сад Эдэм, у якім жылі першыя створаныя Богам людзі Адам і Ева, а каля 1850—1750 гадоў перад нараджэньнем Хрыста, ці каля 4000 тысяч гадоў таму, жыў Біблейскі Абрам. Роднай мясьцінай Абрама быў Ур на паграніччы паміж сучаснымі Іракам і Кувэйтам на поўнач ад Пэрсідзкай затокі. Адлюстравана гэта месца на марцы Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, прысьвечанай Мэсапатамскай цывілізацыі, дзе кругам вылучаны Ур.
Мэсапатамская цывілізацыя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012
Мэсапатамская цывілізацыя праіснавала па 12 кастрычніка 539 да Р.Х., калі Пэрсідзкае войска захапіла Бабілён і настаў канец гісторыі Старажытнай Мэсапатаміі, як палітычна самастойнага рэгіёну.
Перад стваральнікамі падобных марак паўстала вельмі складанае заданьне, што адлюстраваць на марцы, каб найдасканалей перадаць сутнасьць цывілізацыі… Як у іх атрымалася, вырашайце самі.
Цывілізацыя фараонаў і пірамід
Старажытны Егіпет займаў тэрыторыю ў даліне і дэльце Нілу ў Паўночна-Усходняй Афрыцы. Праіснавала Эгіпецкая цывілізацыя з канца 4 тысячагодзьдзя да Р.Х. да 332 да Р.Х., калі Егіпет заваяваў Аляксандр Македонскі.
Эгіпецкая цывілізацыя. Блёк пошты Сан-Тамэ і Прынсіпі, выдадзены ў 2008 і блёк пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзены ў 2012
Культура Эгіпецкай цывілізацыі застаецца адной з самых загадкавых і таямнічых у сьвеце. У 1280 да Р. Х. Маісей выводзіць свой народ з Эгіпту і каля 1280—1240 атрымлівае Дзесяць Божых Запаведзей на гары Сінай.
У 1995 у рамках 100-годзьдзя кіно ў Танзаніі была апублікаваная сэрыя паштовых марак і блёк, які паказвае амэрыканскага акцёра Тэадора Робертса ў вобразе Майсея ў фільме «Дзесяць Запаведзяў», які дэманстраваўся ў 1923. Майсей назірае, як Бог піша Запаведзі на каменных плітах.