У 1910 Вацлаў Ластоўскі намаляваў і апісаў пячатку Міндоўга з выяваю Пагоні, але рунічны надпіс, які азначае «СВАЮ ПЯЧАТКУ КНЯЗЬ МІНДАЎГ СТАВІЦЬ», быў прачытаны Алегам Сокалам-Кутылоўскім толькі ў 2006. І гэта сьведчыць пра сапраўднасьць пячаткі і гістарычнасьць Гербу Пагоня.

Апавяданьні пра Вялікае Княства будуць працягваць маркі розных краінаў, бо марак Рэспублікі Беларусь пра Вялікае Княства вельмі мала. Таму філятэлісты-патрыёты з мэтай пашырэньня ведаў пра Вялікае Княства і стварэньня магчымасьці зрабіць філятэлістычную выставу пра гісторыю краіны рабілі самвыдат – канвэрты з відарысамі Вялікіх князёў ВКЛ і тэкстамі пра іх на адваротным баку канвэрту.

У 1263 годзе Міндоўг быў забіты ў выніку змовы Нальшчанскага князя Даўмонта, Жамойцкага князя Траняты і полацкага князя Таўцівіла.

Цяжкае закладаньне падмурка

Пасаду захапіў Транята (~1210 – 1264) – князь Жамойцкі (? -1264), Вялікі Князь Літоўскі (1263—1264), пляменьнік (сын сястры) Міндоўга. Упершыню прыгадваецца ў «Ліфляндцкай рыфмаванай хроніцы» у сувязі з падзеямі 1260—61, калі Жамойць пазбавілася часовай залежнасьці ад крыжакоў і перайшла пад уладу Міндоўга.


Транята (уяўны партрэт, 1908). Мечыслаў Барвіцкі. Паштоўка, выдадзеная ў 1935


Неўзабаве сам быў забіты замоўцамі на чале з сынам Міндоўга Войшалкам, які і абвясьціў сябе князем. У 1270 Войшалк перадаў уладу Шварну (1230-я – 1270), які быў сынам Галіцка-Валынскага князя Данілы і зяцем Міндоўга. У 1270 годзе памёр не пакінуўшы нашчадкаў. Паводле іншых зьвестак, загінуў у бітве з войскамі брата Льва на рацэ Ясельдзе. Спачыў у Холме.


Вялікі Князь ВКЛ Войшалк. Канвэрт самвыдату (пярэдні і адваротны бок), які прайшоў пошту ў 2002


Пасьля памерлага Шварна ўладаром стаў Трайдзень (1269—1282).


Вялікі Князь ВКЛ Трайдзень. Канвэрт самвыдату (пярэдні і адваротны бок), які прайшоў пошту ў 2003


Даўмонт (? – 5 жніўня 1285) – меркаваны Вялікі Князь Літоўскі (1282? – 1285). На думку гісторыкаў, мог быць сынам і непасрэдным пераемнікам Трайдзеня. Лічыцца сынам Рамунта або Віта. Загінуў у бітве з аб'яднаным войскам з Цверы, Масквы, Волака Ламскага, Таржка, Дзьмітрава, Зубцова і Ржэвы. Але Васкрасенскі летапіс сьцьвярджае, што Даўмонта захапілі ў палон.

Польскі мастак Мечыслаў Барвіцкі ў 1908 намаляваў выявы Вялікіх князёў Літоўскіх. У 1935 з гэтымі выявамі была выдадзеная сэрыя паштовак.


Даўмонт (уяўны партрэт, 1908). Мечыслаў Барвіцкі. Паштоўка, выдадзеная ў 1935


Пераемнікам Даўмонта быў, магчыма, Будзікід.


Будзікід (уяўны партрэт, 1908). Мечыслаў Барвіцкі. Паштоўка, выдадзеная ў 1935


На паштоўцы марка Мірскага замку, выдадзеная поштай Польшчы ў 1937

Будзікі́д – Вялікі Князь Літоўскі (1282—1292). Большасьць дасьледчыкаў лічыць яго сынам вялікага князя літоўскага Трайдзеня. Памёр перад 1292 годам, бо тады згадваецца ўжо Pucuwerus rex Lethowie (Будзіві́д, Пукувер, Путувер) – Вялікі Князь Літоўскі (1291—1295?).


Вялікі Князь ВКЛ Путувер або Лютувер (1291—1295?). Канвэрт самвыдату, які прайшоў пошту ў 2005 (пярэдні і адваротны бакі)

Герб Вялікага Княства Літоўскага «Пагоня»

Віцень (Vytenis;? – 1315/1316) – Вялікі Князь Літоўскі (каля 1294—1315/1316). Заняў велікакняжацкі сталец па сьмерці свайго бацькі Будзівіда (Путувера). Магчыма Віцень, як і яго браты Гедымін і Воін, належаў да ваеннай кансорцыі, што абслугоўвала Нёманскі гандлёвы шлях і якую называлі ў летапісах Літва, як аналагічная кансорцыя ваяроў і купцоў Русь. Ад 1300 да канца ўладараньня Віценя Ордэнскія войскі зьдзейснілі блізу дваццаці паходаў на Літву, дасягаючы сталічнага Наваградка. У 1284, 1295, 1305 і 1306 нямецкія рыцары нападалі на Гародню. Аднак Княства ўпарта баранілася: у памежных замках стаялі моцныя залогі, разбураныя ўмацаваньні хутка аднаўлялі, а за ворагам наладжвалі пагоню.