У кастрычніку 2017 года поштай Рэспублікі Беларусь быў выпушчаны марачны блёк у гонар 1025-годзьдзя Полацкай эпархіі, які заняў 6-е месца на сусьветным конкурсе марак у Аўстрыі, а яго ўрачыстая прэзэнтацыя адбылася ў Сафійскім саборы ў Полацку. Блёк уключае тры маркі, на якіх намаляваны тры праваслаўныя храмы – Сафійскі сабор і Спаса-Перамяненская царква ў Полацку і Дабравешчанская царква ў Віцебску.

На полі блёку фрэскі з Спаса—Перамяненскай або Спаса-Эўфрасіньнеўскай царквы ў Полацку, узьведзенай у XII стагодзьдзі. У ніжнім левым куце Апосталы. Дэталь кампазыцыі Уваход Гасподні ў Іерусалім. Уверсе – Дэісус (Дээсіс або Дэізіс, Хрыстос у Велічы або Хрыстос Пантакратар на троне з кнігай і побач Дзева Марыя і Сьвяты Ян Хрысьціцель). Фрэска ў кельлі прападобнай Эўфрасіньні. Правы ніжні кут – Сьвятая Эўхарыстыя, Прычашчэньне хлебам (дэталь).


1025-годзьдзе Полацкай эпархіі. Блёк, выпушчаны поштай Рэспублікі Беларусь у 2017


Для Спаса-Перамяненскай царквы свайго манастыру Эўфрасіньня заказала ў полацкага ювэліра Лазара Богшы Крыж-каўчэг. Крыж быў створаны ў 1161 і стаў ня толькі прыкладам высокага ювэлірнага мастацтва, але сымбалям Сьвятасьці і Дзяржаўнасьці старажытнай Беларусі.


Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Першая паштовая марка Незалежнай Рэспублікі Беларусь, выпушчаная ў абарачэньне 20 сакавіка 1992


АЛягічна, што, калі пачала працаваць пошта Незалежнай Беларусі, першай выдадзенай маркай стала марка з выявай Крыжа Эўфрасіньні Полацкай..

Крыж Эўфрасіньні Полацкай зьяўляецца Крыжом-каўчэгам, бо ў падпісаных гнёздах Крыжа знаходзяцца найкаштоўнейшыя хрысьціянскія рэліквіі: кавалачак Крыжа, на якім быў расьпяты Хрыстос, з кроплямі крыві Ісуса і драбок каменю ад дамавіны Божай Маці.

Падчас знаходжаньня нашай краіны пад Расейскай акупацыяй у 1941 годзе, калі ішла Другая Сьветавая вайна, савецкімі ўладамі быў дадзены загад вывезьці Крыж з Беларусі. У выніку Крыж бясьсьледна зьнік. Да гэтага часу пошукі Крыжа не далі плёну. У 1992 кіраўнікі краін СНД падпісалі пагадненьне аб вяртаньні гістарычных каштоўнасьцяў дзяржавам іх паходжаньня. Гэта абудзіла надзею. Але Расея не прызнала гэтага пагадненьня, а ў 1997 Дзярждума Расеі прыняла Закон аб рэстытуцыях, які адмаўляе вяртаньне ўкрадзеных каштоўнасьцяў іх уладальнікам. Таму ў 1992 па ініцыятыве Згуртаваньня Беларусаў Сьвету (ЗБС) «Бацькаўшчына» прымаецца рашэньне аднавіць Сьвятыню, стварыць матэрыяльны вобраз.


Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Наддрукоўка тэксту «адноўлены і асьвечаны ў верасьні 1997» і новага наміналу «3000» на марцы №1. У звароце з 8 сьнежная 1997


Крыж, узноўлены па вобразу і падабенству ўзьвіжальнага Крыжа Эўфрасіньні Полацкай мастаком – ювэлірам Міколам Кузьмічом, 6 сьнежня 1997 хросным ходам быў унесены на спрадвечнае месца Сьвятыні-у Спасаўскі храм.

«Сьвятыні сыходзяць, калі мы становімся нявартымі іх, і вяртаюцца, калі Душы імкнуцца да навяртаньня, сьвятла і волі…».

21 сакавіка 2011 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэньне два паштовыя блёкі і КПД «850-годзьдзе стварэньня Крыжа Эўфрасіньні Полацкай».

Уверсе блёку малюнак Эўфрасіньні Полацкай з Крыжам у правай руцэ і храмам Спаса – у левай.


850-годдзьдзе стварэньня Крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2011


Беларускі блёк «850-годзьдзе стварэньня крыжа Эўфрасіньні Полацкай» увайшоў у лік дзесяці лепшых марак сьвету на штогадовым міжнародным конкурсе «Вялікі прыз выставы WIPA».

Калі 8 ліпеня 1993 у Менску ў будынку Тэатра опэры і балету пачаў сваю працу Першы зьезд Беларусаў сьвету, то Белпошта адгукнулася на гэту падзею выданьнем паштовай маркі з відарысам эмблемы зьезду з стылізаванай фігурай Эўфрасіньні Полацкай. Акрамя маркі з эмблемай зьезду быў выдадзены канвэрт і картмаксімум з адпаведным штэмпэлем.