, трансцэндэнтным у сваёй іманентнасці і іманентным у сваёй трансцэндэнтнасці. Паглядзі на святара: ён адвярнуўся плячыма, ягоны твар, ягоныя рукі, ягонае сэрца засяроджаны на таямніцы веры; ён знікае, каб яго замяніў Хрыстус; ён знікае, але ён больш чым калі падобны да сябе. Нягледзячы на сваю мізэрнасць – мізэрнасць дзіцяці, якое не можа размаўляць, якое не можа выказаць тое, што хоча выказаць, а толькі імітуе словы, якія былі яму дадзены, прымаючы іх без усялякага выбару, без свабоды «арыгінальнасці» – ён з’яўляецца тым самым пасрэднікам і тым асяроддзем, праз якое Пан дзейнічае, каб яднаць, асвячаць і збіраць усе рэчы ў сабе, і ўсё ж ён з’яўляецца «арыгіналам», бо ён знаходзіцца пры той крыніцы, з якой паходзіць космас – паходзіць непараўнальна больш велічным чынам, чым нейкая мастацкая праца паходзіць з мастака, чым усе працы людзей ва ўсе часы. Паглядзі на яго: у гэтым выбліску полымя яднаюцца і пераплятаюць свае галасы неба з яго святасцю і зямля са сваёй слабасцю! Гэтым спосабам касмічная літургія пастаянна захоўваецца і ўдасканальваецца, хоць у той самы час яна ўжо цалкам скончылася і больш нічога да сябе не дапускае. Сюды няможна нічога дадаць, нішто тут гучна сімвалізуюць цішыня і пустая прастора прэзбітэрыя – аднак тут можна набыць ўсё, набыць гэты дар, які пераўзыходзіць усе дары, бо гэта Той, Хто іх дае. Усё гэта, як і належыць, ціха паказваецца ў цішыні і пустой прасторы, таму што любы гук, любая выява была б паганствам і не здолела б выказаць нават аднаго складу, не кажучы ўжо пра ўсё слова ці яго значэнне. А ў ціхім і ў пустым да нас прыходзіць Слова, якое з’яўляецца музыкай Айца, Слова, поўнае ласкі і праўды, якому мы даем слыхавую і візуальную прастору, каб Яно магло прадстаць перад намі ў найпрасцейшай ежы: у белай Гостыі, тонкай і крохкай, і ў келіху, які пераліваецца золатам і срэбрам і пераўзыходзіць сваім коштам некансэкраванае віно, але які становіцца сапраўдным пылам у параўнанні ў Крывёю, у якую віно перамяняецца.
«Шум ціхага ветру…»
Архітэктура, музыка, убранне і начынне, прастора і цішыня, якія літургія стварыла для сябе, пакуль Дух Святы стагоддзе за стагоддзем лунаў над Касцёлам на сваіх шырокіх і міласэрных крылах – кожны аспект традыцыйнай рымскай літургіі мае багатае значэнне, сусвет значэнняў. Мы ведаем, што ў нашыя часы Касцёл Езуса Хрыста абсаджаны як звонку, так і знутры; тое ж можна сказаць і пра яго святую літургію, якая заўсёды раздзяляе лёс Касцёла, і добры, і кепскі. Мы ведаем, што паўстагоддзі таму брыгада мадэрністаў пачала сістэматычна дэмантаваць багатае значэнне літургіі і ўсю каталіцкую культуру, якой гэты культ даў пачатак. Мы ведаем, што ў выніку пачалася маргіналізацыя, падаўленне, а часам і разбурэнне шматлікіх рэчаў, якія былі каштоўнымі, традыцыйнымі і святымі. Мы ведаем, што небяспека незваротнай амнэзіі і пастаяннага забыцця існуе і сёння. Усё гэта выклікае ў нас вялікія пакуты, якія мы можам і павінны ахвяраваць нашаму Пану дзеля ачышчэння і рэформы Яго Касцёла; усё гэта прымушае нас зразумець, наколькі важнай для здароўя Містычнага Цела з’яўляецца нашая малітва за пастыраў Касцёла, нашая вернасць каталіцкай Традыцыі і нашыя высілкі лепш зразумець вялікія дары, якія мы атрымалі ад іх і ад яе, каб мы маглі радасна і ўпэўнена перадаваць гэтыя дары іншым. Гэта годнае заданне для святых: для тых, хто можа верыць, не бачачы, хто можа спадзявацца насуперак надзеі, хто можа любіць нягледзячы на ўсе расчараванні, скандалы і пераслед. Сапраўды, ніхто не зможа перажыць гэты час і вытрываць гэтыя праблемы, акрамя тых, хто любіць цішыню і малітву.